Царква і Касцёл прапаноўваюць забараніць аборты і сурагатнае мацярынства


Рэлігійныя арганізацыя ўносяць свае прапановы ў новы законапраект ў інтарэсах дэмаграфічнага развіцця Беларусі, падрыхтаваны Міністэрствам аховы здароўя.

Амаль 3 млн абортаў за 10 гадоў

Паводле Міністэрства аховы здароўя, з 1990 да 2000 г. працэдуру штучнага перарывання цяжарнасці ў Беларусі правялі 2,7 млн разоў. Акурат аборты сталіся галоўнаю тэмаю для абмеркавання падчас паседжання круглага стала, што адбылося ў Менску.

Навуковая супрацоўніца Цэнтру праблемаў развіцця адукацыі БДУ Таццяна Тарасевіч паведаміла, што прапаноўваецца выключыць з законапраекту магчымасць прымянення штучнага перарывання цяжарнасці, якая, на яе погляд, не прымальная з маральнага пункту гледжання. «Гэта гвалтоўнае спыненне жыцця чалавека, – сцвярджае яна, – з гэтым ніводная царква згадзіцца не можа».

Сурагатнае мацярынства – немаральнае?

Шэраг прапановаў датычыць сучасных дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіяў, якія, на думку прадстаўнікоў канфесіяў, супярэчаць маралі, сямейным каштоўнасцям і традыцыям сям’і. «Да дапушчальных сродкаў медычнай дапамогі можа быць аднесенае толькі штучнае апладненне палавымі клеткамі мужа (штучная інсемінацыя), бо яно не парушае цэласнасці шлюбу, не адрозніваецца прынцыповым чынам ад натуральнага зачацця і адбываецца ў кантэксце сямейных адносінаў», – гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі круглага стала.

На іхную думку, трэба выключыць з праекту закону і паняцце «сурагатнага мацярынства», бо яно «прадугледжвае разбурэнне глыбокай эмацыйнай і духоўнай блізкасці, што ўстанаўліваецца паміж маці і дзіцем ужо падчас цяжарнасці», а таксама ўсе метады экстракарпаральнага апладнення, звязаныя са знішчэннем «лішніх» эмбрыёнаў.

{movie}Андрэй Сцяцкевіч: Касцёл ніколі не будзе за аборты|left|7228{/movie}Пазіцыі Царквы і Касцёлу супадаюць

На пытанне аб пазіцыі Каталіцкага Касцёлу адносна абортаў генеральны вікарый Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі Андрэй Сцяцкевіч адказаў так: «Касцёл мяняецца, але перш за ўсё ў метадах евангелізацыі. Адносна ж такой з’явы, як перарыванне цяжарнасці, касцёл нязменны – ён заўсёды абараняў жыццё ад самага зачацця і ніколі не будзе падтрымліваць аборты».

«Пазіцыя Праваслаўнай Царквы ў гэтым пытанні не мянялася цягам усяго яе існавання, – сцвярджае прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы, протаіерэй Сергій Лепін. – Ужо самыя раннія кананічныя крыніцы асуджаюць аборт як забойства. Такая нашая пазіцыя і цяпер: аборт ёсць зло і супярэчыць хрысціянскаму веравучэнню».

{movie}Сергій Лепін: аборт – гэта забойства|left|7229{/movie}Удзельнікі круглага стала звярнуліся да грамадскіх, дзяржаўных і камерцыйных арганізацыяў, грамадзянаў і чыноўнікаў з заклікам зрабіць неадкладныя захады, скіраваныя на абарону і захаванне жыцця ды здароўя чалавека, сям’і, грамадства.

belsat.eu

Стужка навінаў