100 тысяч на вуліцы і «міліцыя з народам»?

Апошнім часам шырацца дыскусіі, маўляў, колькі мае выйсці пратэстоўцаў, каб сілавікі перайшлі на бок народу. 100 тысяч, мільён, паўтара мільёны? Паспрабуем разабрацца цвяроза і без эмоцыяў.

Апошні раз скандаванне «Міліцыя з народам» даводзілася чуць у 2010-м на Плошчы – акурат перад самым разгонам. У мегафон тады нехта з апазіцыйных кандыдатаў крычаў, што акурат зараз ідуць перамовы з міліцэйскім начальствам… Зразумела, што ніякімі перамовамі там не пахла. Скандаванні не дапамаглі. Усе мы памятаем, як тое скончылася.

Па-першае, што значыць «міліцыя з народам»? Гэта як? Спецназ моўчкі кідае шчыты і дубінкі ды разыходзіцца па дамах (варыянт – дружна едзе ў казарму). Ці людзі ў форме становяцца на калені і просяць прабачэння? Або сілавікі пераходзяць на бок абароны пратэсту і дабіваюць дыктатуру? Апошні варыянт, прынамсі, блізкі да казкі пра «перамовы з міліцэйскім начальствам».

Паміж Майданам ды «чэргамі за свабодай» – прорва

Каля помніку «Нябеснай сотні» у Кіеве.
Фота: «Белсат»

Узгадайце ўкраінскі Майдан 2013-2014 гадоў. А было там і па 100 тысяч, а часам і болей. Там таксама на пачатковым этапе крычалі пра «міліцыю з народам». Пасля першай крыві – перасталі. А потым нават з’явіўся мем: беркутаўцы выкладаюць на снезе мёртвымі целамі пратэстоўцаў гэты самы слоган…

Калі нехта і прыносіў прабачэнні, дык гэта палонныя супрацоўнікі, калі вакол стаялі байцы «Самааховы Майдану» з бітамі ў руках. Калі нехта і кідаў шчыты, дык толькі падчас уцёкаў. Калі асобныя камандзіры і адмаўляліся ехаць з рэгіёнаў у Кіеў, каб давіць пратэст, дык толькі калі людзі блакавалі іхныя часткі. Некаторыя камандзіры акурат і чакалі тых блакаванняў, каб была нагода нікуды не ехаць.

Пагадзіцеся, у нас сітуацыя зусім іншая, а паміж Майданам з барыкадамі ды тысячамі людзей, гатовых бараніць сваю ідэю са зброяй у руках, ды «чэргамі за свабодай» – прорва. Гэта пакуль абсалютна розныя рэчы. Ніякіх падставаў у сілавікоў, каб пераходзіць на бок пратэстоўцаў пакуль няма ад слова «зусім».

Каб пра «міліцыю з народам» нават думаць не хацелася

Яшчэ адзін момант датычыць слогану года: «ніколі такога не было». Ніколі не было такіх феерычных чэргаў, каб паставіць подпіс. Такога ўзроўню палітызацыі грамадства і недаверу да дзейснага кіраўніка. Такога ўзроўню інфармаванасці людзей пра падзеі на палітычным полі: толькі зараз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі дабраліся да ўсіх і кожнага.

Дык вось, «ніколі такога не было» датычыць і дзеянняў сілавікоў. Так, гісторыя з правакацыяй у Горадні можа падавацца смешнай і тапорнай. І гэта абсалютная праўда: яна смешная і тапорная. Можа таму, што зробленая наспех у апошнюю хвіліну, а можа таму, што сп. Караеў зусім не аператыўнік: не ведае спецыфікі такой працы.

Hавiны
Ціханоўскага і яшчэ семярых затрыманых перавезлі ў Менск
2020.05.31 08:41

Але ж гэта зусім не значыць, што правакацыя апошняя. Тым больш, не значыць, што правакацыі будуць адно ў бок пратэстоўцаў. Што маецца на ўвазе? Магу дапусціць, што шэраг захадаў будзе прынята, напрыклад, па мабілізацыі і кансалідацыі асабістага складу органаў. Каб пра «міліцыю з народам» нават думаць не хацелася.

Напрыклад, праз нейкі час пасля гісторыі з пікетам у Горадні, невядома хто разаб’е ці спаліць машыны двух міліцыянтаў, якія нібыта пацярпелі 29 траўня. Гэта будзе сігнал зусім не для апазіцыйнай публікі, не. Гэта будзе сігнал для міліцыі. Або – невядома хто змесціць у сеціве ці тэлеграм-каналах інфармацыю пра месца іхнага жыхарства, пра жонак і дзяцей, дзе яны працуюць, а ягой гадзіне вяртаюцца з працы і са школы і г.д.

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Гэта даўно вядомыя метады «мабілізацыі». Гэтага дастаткова, каб мозг закіпеў і людзі ў пагонах зразумелі: «Або мы, або яны. Вораг мае быць знішчаны!» – ці нешта ў гэтым родзе. Разумныя не павядуцца, зразумела: самі не першы год удзельнічаюць у такіх гульнях. А вось тыя, у каго зорачак меней, а энтузіязму шмат, могуць прыняць правакацыю за чыстую манету.

А хто гэта такія? Першы раз бачым…

Не варта таксама забывацца, што апарат сілавікоў можа выкарыстоўваць не адно кадравых супрацоўнікаў. Гісторыя з жанчынай, скажам так, нізкай сацыяльнай адказнасці, якая прычапілася да Сяргея Ціханоўскага, яскравы прыклад. Чаму яна? Верагодна, была на кручку праз сваю працу.

А хто яшчэ? Ды хто заўгодна! У краіне ёсць армія тых, хто праходзіў паводле арт. 328, але так і не трапіў за краты. Былыя ці дзейсныя футбольныя фанаты, якімі сілавікі заняліся пасля 2014 года і, зразумела, нейкую частку завербавалі. Асобы, якія праходзілі паводле іншых крымінальных артыкулаў, сядзелі ды былі завербаваныя на розных этапах, і з таго часу аддаюць «доўг Радзіме».

Для гэтых катэгорыяў, пагадзіцеся, ніякай «міліцыі з народам» проста не існуе. Бо яны не міліцыя. А тыя, хто іх вядзе і трымае на кантакце, пры любой нагодзе «сальюць» падначаленых. Маўляў, а хто гэта такія? Першы раз бачым. Злачынцы нейкія…

Трошкі павагі!

Дастаткова ўзгадаць гісторыю з нападам на лагер пратэстоўцаў у Курапатах у 2017 годзе. Паводле шэрагу прыкметаў можна было меркаваць, што хеўра хлопцаў спартовага целаскладу з драўлянымі каламі – зусім не міліцыянты, тым больш не спецназ. Хто гэта былі? Загадка. Ці было тое зроблена на замову сілавікоў? Вельмі імаверна. Хто гарантуе, што падобная гісторыя не паўторыцца?

Зноў жа, вяртаючыся да Майдану. Тады спецслужбы Януковіча акурат актыўна выкарыстоўвалі «цітушак»: крымінальнікаў і спартоўцаў, якія «муцілі» чорныя справы, у якія нават міліцыянты асабіста не хацелі лезці. Збівалі асобных актывістаў або палілі машыны ў спальных раёнах Кіева, каб стварыць эфект хаосу. А на хаос адказ адзін: сіла. Скажаце, што «ніколі такога не было»? Так, але год жа незвычайны.

Міліцыянты ў Ленінскім судзе Берасця пад час працэсу над праціўнікамі заводу АйПауэр.
Фота: «Белсат»

Да чаго гэта ўсё? А да таго, што з МУС, КДБ і ГУБАЗіК можна смяяцца колькі заўгодна. Смех падаўжае жыццё. Але калі Вы асабіста ўсё ж ангажуецеся ў пратэстныя справы, не будзьце наіўнымі. Не глядзіце на свайго апанента як на дурня ў фуражцы. Трошкі павагі! Бо калі Вы ўсё жыццё займаліся бізнесам, пісалі праграмы ва ўтульным офісе або клалі плітку, то нехта ўсё жыццё вучыўся працаваць супраць злачынцаў. Або супраць тых, на каго ягонае начальства гэты ярлык сёння навесіла і дала каманду «Фас!»

P.S.

І апошняе. Вельмі спадзяюся, што да крыві не дойдзе, бо тады гульня пойдзе зусім па-іншаму. А яшчэ спадзяюся, што тыя, хто не падзяляе мой скепсіс, будуць як мінімум думаць галавой, а не тым месцам, якім мы выбіраем сваіх куміраў ды аб’ектаў кахання.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў