10 справаў, якія мы ў гэтым годзе зрабілі на выдатна! Праца «Белсату» ў эфіры і не толькі ў 2017


Увесь год наш тэлеканал знаходзіўся ў сэрцы падзеяў, якія хвалявалі беларусаў. Мы асвятлялі акцыі пратэстаў, давалі слова простым людзям, дапамагалі тым, хто меў у гэтым патрэбу, рабілі цікавыя рэпартажы і гісторыі. Кожны трэці беларус нас ведае, 12% глядзяць нас стала, а 80% давяраюць нашай інфармацыі.

У 2017 годзе мы:

1. Рабілі стрымы з акцыяў пратэстаў супраць «дэкрэту аб дармаедстве» па ўсёй краіне

Сыходзячы год распачаўся масавымі акцыямі пратэсту супраць так званага «дэкрэту аб дармаедстве». З самага пачатку мы былі на месцы падзеяў і вялі онлайнавыя рэпартажы ў сацыяльных сетках і на нашай старонцы belsat.eu. У наўпроставым эфіры мы давалі выказвацца людзям, пратэсты ў Беларусі пабачылі сотні тысячаў людзей па ўсёй краіне і ў замежжы.

Хроніка пратэстаў недармаедаў у Беларусі. Інтэрактыўная мапа

За тое, што мы асвятляем падзеі без цэнзуры, нас не любяць чыноўнікі, але менавіта за гэта «Белсат» шануюць нашыя гледачы.

За што жыхары Гарадзеншчыны любяць «Белсат»?

2. Сабралі сродкі для жанчыны, якая хацела прадаць нырку, каб выжыць

47-гадовая Алена Куколь з вёскі Эйгерды ў Гарадзенскай вобласці выхоўвае сына-інваліда і жыве на дапамогу па догляду за дзіцём. Мясцовыя органы апекі пагражалі ёй пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, калі яна не палепшыць свае жыллёвыя ўмовы. У адчаі жанчына вырашыла прадаць нырку, каб памяняць падлогу і праводку ў хаце.

Пасля сюжэту ў праграме «Людскія справы» у сеціве распачаўся збор сродкаў для Алены. 10 тысячаў беларускіх рублёў атрымалася сабраць у выніку. Праўда, з іх 1310 рублёў забрала дзяржава ў якасці падатку.

3. Дапамаглі сляпому паэту Алесю Чобату, які жыве ў адзіноце на Гарадзеншчыне

Алесь Чобат, аўтар шэрагу кніг, эсэ, апавяданняў і хронік, апынуўся ў складаных умовах. Страціўшы зрок, ён жыве адзін у стогадовай хаце ў Скідзелі і мае патрэбу ў самых простых рэчах, хоць ніколі не просіць дапамогі.

Пасля рэпартажу belsat.eu і размовы з пісьменнікам з ініцыятывы журналіста “Белсату” на talaka.by з’явіўся краудфандынгавы праект па збору грошай для пісьменніка.

Вынік – 73 асобы падтрымалі праект, сабралі 1195 беларускіх рублёў замест запланаваных 550. Гарадзенскія валанцёры перадалі сродкі паэту, на частку грошай набылі неабходныя рэчы: зімовы абутак, коўдры, посуд, кашулькі і шкарпэткі.

4. Вярнулі на беларускую сцэну Народны альбом пасля дзесяцігадовай забароны



Разам з Польскім Інстытутам у Менску і Інстытутам Адама Міцкевіча тэлеканал «Белсат» паспрыяў вяртанню на сцэну культавага музычнага праекту сярэдзіны 90-х. Канцэрт «Народнага альбому» адбыўся 24 студзеня 2017 году. 27 песняў альбому распавядаюць гісторыю заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны перыяд. Героі – настаўнікі і гандляры, карчмары і выпівохі, шпіёны і кантрабандысты. Яны мараць і падманваюцца, працуюць і змагаюцца, весяляцца і маркоцяцца. Іхныя гісторыі сплятаюцца ў гісторыю мястэчка.

У 2007 годзе Народны альбом быў забаронены ў Беларусі. Праз дзесяць гадоў у Prime Hall да Лявона Вольскага, Аляксандра Памідорава, Касі Камоцкай ды іншых выканаўцаў далучыліся музыкі з гурта Apple Tea.

Акрамя таго, пры падтрымцы «Белсату» быў зняты фільм «Ненаўмысны шэдэўр» аўтараў Сяргея Будкіна і Яўгена Шапчыца.

5. Адсвяткавалі дзесяцігоддзе тэлеканалу

У 2017 годзе «Белсату» споўнілася 10 гадоў. Менавіта столькі спатрэбілася, каб пабудаваць з нуля сучаснае, прафесійнае тэлебачанне, якое мае ўплыў. Усе гэтыя гады ў межах беларуска-польскага медыяпраекту працавалі і працуюць сотні людзей. 10 снежня большая частка калектыву сабралася ў Варшаве, каб абмеркаваць планы на будучыню і адсвяткаваць юбілей.

Сёння «Белсату» 10 гадоў! Рэпартаж са святочнай імпрэзы

Усе гэтыя гады «Белсату» баяліся беларускія ўлады і перашкаджалі нам працаваць на тэрыторыі Беларусі. Мы дагэтуль не здолелі атрымаць акрэдытацыю, не гледзячы на шматразовыя спробы. Тым не менш, у лістападзе мы запусцілі новы сезон і працягваем працаваць і развівацца.

Мы знялі для вас фільм «Дарога» – пра тое, як нараджаўся наш тэлеканал.

6. Запусцілі тры новыя праграмы «Вяскоўцы», «Рапарт» і Belsat Music Live!

У 2017 годзе на тэлеканале «Белсат» з’явіліся новыя праграмы.

Belsat Music Live – штотыднёвае музычнае шоў. Да нас у студыю прыходзяць сучасныя музыкі, граюць ужывую, а таксама размаўляюць з вядоўцамі – Мірай Шульц і Сяргеем Будкіным пра творчасць ды жыццё.

«Вяскоўцы» – вясковае рэаліці-шоў, дзе вядоўца Віктар Шукеловіч распавядае цікавыя гісторыі пра людзей з беларускай вёскі, вучыцца досведу вясковай працы ды жыцця. Праграма выходзіць штосераду.

«Рапарт» выходзіць двойчы на месяц з вядоўцам Эдуардам Мельнікавым. Гэта аўтарскае аналітычнае шоў пра актуальныя для Беларусі праблемы, іх інтэлектуальнае і эмацыйнае асэнсаванне. У межах праграмы Беларусь разглядаецца як еўрапейская краіна з шырокім колам інтарэсаў, звязаных з краінамі-суседзямі і Еўропай у цэлым.

7. Завезлі кнігі на Данбас, сабраныя гледачамі «Белсату»

Здымачная група «Белсату» накіравалася ў зону АТО ва Украіне і разам з валанцёрамі грамадскай ініцыятывы «Беларусь-АТО» павезла кнігі, сабраныя гледачамі нашага тэлеканалу для бібліятэкі дому культуры ў горадзе Мар’інка Данецкай вобласці, на мяжы з ДНР. Даставілі ў бібліятэку чатыры каробкі кніг, у тым ліку калекцыю часопісаў ARCHE.

У бібліятэцы Мар’інкі беларускіх журналістаў сустрэлі вельмі цёпла, а з прывезеных кніжак зрабілі адмысловую выставу.

8. Паказалі адміністрацыі Лукашэнкі, як грамадства сапраўды ставіцца да іх

У сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» у лютым 2017 «Белсат» апублікаваў на сваёй старонцы выяву-дэматыватар, якая стала віруснай і атрымала больш за 180 тысячаў падабаек. Публікацыю пабачыла каля 2,2 мільёнаў карыстальнікаў.

Пасля гэтай публікацыі, Павал Севярынец узяў на сябе ініцыятыву занесці позвы для «тамтэйшых дармаедаў» у адміністрацыю кіраўніка краіны разам з выявай і доказамі, колькі людзей падтрымала тое, што там напісана.

Патрабуем адстаўкі дармаедаў з улады! Як прымаюць звароты ў адміністрацыі Лукашэнкі

9. Распавядалі пра тое, на што мы маем права

У праграме «Маю права» у гэтым годзе мы распавядалі пра правы беларусаў і беларусак і давалі парады, што рабіць у крытычных сітуацыях.

Напрыклад, мы распавядалі пра тое, што будучыя маці маюць права абіраць лекара і радзільню, нараджаць у прысутнасці партнёра і абіраць або адмаўляцца ад метадаў медычнай дапамогі.

Цікавы выпадак адбыўся ў вёсцы Агароднікі на Гарадзеншчыне, дзе мясцовы жыхар за ўласны кошт пабудаваў грамадскі аквапарк і дзіцячую пляцоўку. Але ўлады палічылі яе небяспечнай і патрабавалі знесці. Пасля таго, як тэму пачалі асвятляць журналісты, у вёску зачасцілі чыноўнікі. Увесь гэты час суседзі заступаліся за свайго аднавяскоўца, збіралі подпісы. Аквапарк удалося адстаяць. У тым ліку, дзякуючы працы нашых журналістаў. Глядзіце гэты выпуск праграмы цалкам тут.

10. Выстаялі супраць ціску з боку беларускіх уладаў

У 2017 годзе ўзмацніўся пераслед «Белсату» з боку дзяржавы. Мы заплацілі 60 штрафаў, нашых журналістаў саджалі на суткі, пагражалі забраць дзяцей. На офісах «Белсату» прайшлі вобшукі, падчас якіх была канфіскаваная тэхніка, якую дагэтуль нам не вярнулі.

У гарачую вясну, калі пратэсты недармаедаў разгарнуліся па ўсёй краіне, журналістам тэлеканалу перашкаджалі даехаць да месца падзеяў, спынялі на дарозе, затрымлівалі і адвозілі ў пастарункі. Гэта – наўпроставы доказ, што тое, што мы робім, нязручна афіцыйнаму дыскурсу і разбурае прыгожую карцінку, што жадае падтрымліваць дзяржава. Таму мы лічым, што робім усё правільна і будзем надалей бараніць свабоду слова і прафесійную журналістыку.

Чакаем на Вашыя лісты і ў наступным годзе! Мы бачым кожнае паведамленне, дасылайце на скрыню belsat.eu@gmail.com, у сацыяльныя сеткі і праз мабільную аплікацыю.

Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў