Звышурочная праца і недаплаты. Як абараняць свае правы?


На Баранавіцкі «Дзіпрыз» – збор вырабаў з драўніны – Аляксандр Тотышаў уладкаваўся 4 гады таму. Сёлета заробкі істотна знізіліся. Раней працаўнік атрымліваў мінімум 600 рублёў. Выплата за ліпень была амаль удвая меншая – 356 рублёў. Да таго на прадпрыемстве павялічылі план аб’ёмаў працы, кажа Тотышаў.

Аляксандр Тотышаў, працаўнік прадпрыемства «Дзіпрыз»:

«Заробкі ў нас пачалі паступова памяншацца яшчэ са студзеня сёлета. У нас цяпер масавае звальненне людзей на прадпрыемстве. Наймальнік абяцае заробак да снежня, просіць у сувязі з гэтым людзей не звальняцца».

Між тым прадпрыемства лічыцца адным з найбольш паспяховых у Баранавіцкім раёне. Летась экспартная выручка склала каля 19-ці мільёнаў долараў. Як змены на «Дзіпрызе» тлумачыць яго кіраўніцтва, «Белсат» не змог даведацца ані па тэлефоне, ані праз пісьмовы запыт. Негасцінна сустрэлі нашых журналістаў і на прахадной заводу.

Развязаць спрэчныя пытанні – разлік аплаты звышурочных гадзінаў працы, тэрміны атэстацыі працоўнага месца і памер кампенсацыі за шкодныя ўмовы працы – Аляксандр праз суд не змог. У пазове яму адмовілі.

Аляксандр Тотышаў, працаўнік прадпрыемства «Дзіпрыз»:

«У адным выпадку спаслаўшыся на сканчэнне тэрміну даўнасці, у іншым спаслаўшыся на тое, што аплата звышурочных ажыццяўлялася наймальнікам правільна. Хаця, на маё пытанне ў судзе да інспектара па працы, інспекцыя патлумачыла так: што яны праводзяць толькі юрыдычнае абгрунтаванне, а фінансавага яны не праводзяць».

Як адзначае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, больш дэталёва разабрацца ў праблеме было б прасцей праз камісію працоўных спрэчак. Аднак паколькі «Дзіпрыз» не мае свайго прафсаюзу, звярнуцца працаўнік туды не мог. Адстойваць уласныя правы самому без добрых ведаў закону ў судзе – не проста.

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў:

«Такіх выпадкаў мноства, І яны часцяком у абсалютнай большасці звязаныя з тым, што нашыя людзі не ведаюць сваіх правоў. Не ведаюць заканадаўства. Мы звяртаемся да іх: хаця б элементарныя веды ў вас павінныя быць, па-другое, аб’ядноўвайцеся ў прафсаюзы».

Пытанне стварэння прафсаюзу на «Дзіпрызе» ужо паўставала, сцвярджаюць працаўнікі, аднак ад ідэі вырашылі адмовіцца. Між тым, перашкоду стварыць прафсаюз на прадпрыемстве кіраўніцтва працаўнікам не можа, а таму ўсё залежыць ад ініцыятывы самых людзей.

Юлія Лабанава, belsat.eu