ЗША прададуць Польшчы комплексы «Patriot». Прычым тут Беларусь?


МІМ-104 «Patriot» – амерыканскі зенітна-ракетны комплекс, распрацаваны падчас халоднай вайны. Складаецца з радарнай сістэмы і ракеты паветранага перахвату. Можа збіваць варожыя самалёты і ракеты, у тым ліку з ядравымі боегалоўкамі. Два гады таму «Patriot» быў у Польшчы на вучэннях. Цяпер яго набудуць на пастаянную баявую вахту.

«Сёння ўначы быў падпісаны мемарандум аб тым, што Злучаныя Штаты пагаджаюцца прадаць Польшчы ракетныя комплексы «Patriot» у найсучаснейшай канфігурацыі, – дакладна такія самыя, якія будуць ужываць войскі ЗША«, – радасна паведаміў Антоні Мацерэвіч, міністр абароны Польшчы.

Абарона абыходзіцца дорага

Пуск адной ракеты каштуе прыкладна $ 3 млн. Агульны кошт будучага кантракту – каля PLN 30 млрд., ці каля $ 8 млрд. Восем зенітна-ракетных комплексаў «Patriot» пачнуць прыбываць у Польшчу праз 5 гадоў, а яшчэ праз год будуць у баявым стане. А ўсё таму, што ў Калінінградскай вобласці стаяць ракеты »Іскандэр«, здольныя данесці боегалоўкі да Капенгагену, Варшавы і Берліну.

Польшчы і яе саюзнікам варта прымаць да ўвагі і беларускія распрацоўкі

А менавіта – дальнабойныя рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланез».

«Паланез» цяпер страляе на дыстанцыю 200 км, новыя ракеты, якія будуць выпускаць разам з Кітаем, будуць страляць да 280 км, і кажуць, што на базе гэтых ракетаў будуць зробленыя ракеты з радыусам да 500 км«, – распавёў вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Новы козыр Лукашэнкі

У панядзелак «Паланезы» можна было пабачыць на парадзе ў гонар Дня Незалежнасці. Тады, калі Аляксандр Лукашэнка абяцаў разам з братэрскай Расеяй абараняць межы Саюзнай дзяржавы. Прамова была цалкам у духу халоднай вайны.

Лукашэнка не раз прасіў у Расеі прадаць ракетныя комплексы »Іскандэр«, і цяперашні польска-амерыканскі мемарандум аб ракетах «Patriot» будзе для яго дадатковым аргументам у перамовах, кажа Аляксандр Алесін. Каб нарасціць сваю заходнюю ўдарную групоўку, Масква не абмяжуецца Калінінградскай вобласцю.

«Або (Расея) перадасць Беларусі комплексы «Іскандэр» у экспартным выкананні, або будзе дамагацца размяшчэння сучасных комплексаў «Іскандэр-М» у заходніх рэгіёнах Беларусі, у Берасцейскай ці Гарадзенскай вобласці«, – упэўнены спадар Алесін.

І ўся гэтая дарагая гонка ўзбраенняў пачалася пазапланава для краінаў НАТО – пасля анексіі Крыму і ўвядзення расейскіх танкаў і спецназу ў Данецк і Луганск.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Krystian Maj / Forum