Зоркі беларускага спорту правялі бясплатныя заняткі з менчукамі


Меліціна Станюта правяла для ў Менску трэнінг у стрэтчынгу – комплексу заняткаў, якія дазваляюць расцягнуць мышцы і палепшыць гнуткасць цела.. Ілюстрацыйнае фота – Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Каб прымусіць сябе заняцца спортам або фітнесам, часам патрэбны аўтарытэтны прыклад. Калі бачыш, як нехта пераадолеў ляноту і дасягнуў поспеху ў вялікім спорце або хаця б проста сфармаваў прыгожае цела ў трэнажорнай зале, гэта натхняе.

Некалькі дзясяткаў сталічных спартовых клубаў далучыліся да «YoPRO Fitness Day», які праходзіў напярэдадні. Любы ахвотны мог займацца абсалютна бясплатна – варта было толькі папярэдне запісацца. Арганізатары казалі, што іх натхніла папулярная акцыя «Ноч музеяў», і яны захацелі стварыць нешта падобнае з акцэнтам на спорт. Каб кожны выбраў для сябе цікавы занятак: плаванне, кросфіт, ёгу або бокс.

Глядзіце рэпартаж Дзяніса Ганчарэнкі ў поўным выданні навінаў за 28 ліпеня

Сярод трэнераў былі ў тым ліку і зоркі беларускага спорту. Напрыклад, плаваць дзяцей і дарослых вучыла чэмпіёнка свету і трохразовая алімпійская медалістка Аляксандра Герасіменя.

«Найперш трэба паставіць для сябе мэту. Зразумець, чаго ты хочаш дасягнуць. Калі чалавек хоча навучыцца плаваць прыгожа, то гэта і будзе ягонай матывацыяй. Ну і, вядома, трэнер, які будзе працягваць яго матываваць і рыхтаваць. А яшчэ вынік. Калі выніку няма, пагадзіцеся, матывацыя таксама знікае. А калі ў чалавека няма мэты, мне здаецца, яго нічога не прымусіць», – сказала Герасіменя.

У суседні будынак комплексу «Алімпійскі» завітала яшчэ адна славутая спартоўка – Меліціна Станюта, прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы ў мастацкай гімнастыцы:

«Такое надвор’е, не ведаю, адкуль яно да нас прыйшло… Мо з Лондану? Я думала, што тут будзе чалавек 10–15. Але ўсё ж жаданне ў людзей ёсць! Таму не магу не ўсміхацца!».

Гімнастка правяла для прысутных трэнінг у стрэтчынгу – комплексу заняткаў, якія дазваляюць расцягнуць мышцы і палепшыць гнуткасць цела. Хто як ні шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету і Еўропы ў мастацкай гімнастыцы ведае пра добрую расцяжку ўсё.

Тут жа трэнінг правёў і фітнес-блогер Арцём Дубовік, вядомы як «Temafit». Ягоны інстаграм-акаўнт мае больш як 850 тысяч падпісантаў.

«Я прапагандую правільную тэхніку ва ўсіх рухах, не фэйкавасць. Праз гэты шлях развіваю свой акаўнт», – распавёў нам блогер.

Гэткі фітнес-дзень прайшоў у краіне ўпершыню. Паводле арганізатараў, яшчэ на этапе задумы ініцыятыва спадабалася ўсім – і клубам, і зоркам, і чыноўнікам з Міністэрства спорту. Цалкам магчыма, што ў будучыні нешта падобнае пройдзе і за межамі Менску.

«Спачатку ў нас было ўсяго 20 партнёраў. Але потым мы далі кантакты і атрымалі яшчэ 25 заяваў ад клубаў, якія вырашылі далучыцца да гэтай ініцыятывы. Гэта была першая спроба – зрабіць такое мерапрыемства ў Менску. Але я ўжо ведаю, што клубы з іншых вобласцяў краіны хацелі б такую ініцыятыву падтрымаць і таксама стаць удзельнікамі Дня фітнесу і спорту YoPRO Fitness Day», – расказаў прадстаўнік арганізатараў «YoPro Fitness Day» Глеб Пакаціла.

Зрэшты, можна не чакаць спартовага свята цэлы год, а пачынаць рыхтавацца да яго ўжо сёння. Ці ў спартовай секцыі, ці на ўласным падворку, ці хаця б удома з гантэлямі.

Дзяніс Ганчарэнка, «Белсат»