Зноў павысяць пенсіі перад выбарамі


З 1 жніўня ў Беларусі павялічваюцца пенсіі ў сярэднім на 6,6 адсоткі. Сярэдняя пенсія складзе крыху больш за 400 рублёў.

Пенсіянерка Валянціна Вяжэвіч перад выхадам на пенсію з’ехала ў вёску. Бо яна лічыць, што ў горадзе на пенсію пражыць немагчыма. Цяпер спадарыня Валянціна з сямʼёй маюць немалую гаспадарку.

«Зямлі 40 сотак маю, бульбу садзім, гародніну, сад невялічкі, сёлета яблыкаў няма, летась не ведалі, куды дзець», – расказвае пенсіянерка.

Жанчына мае 39 гадоў працоўнага стажу, працавала ў навуковай установе, потым настаўніцай. Цяпер яе пенсія – 420 рублёў.

«Кошты павялічваюцца хутчэй, чым пенсія павялічваецца, і калі пачынаюць расці кошты, то гэта ўжо чакай павышэння пенсіяў. Трэба, каб у пенсіянераў была магчымасць бясплатнага лячэння», – мяркуе спадарыня Валянціна.

І кажа наўпрост: яе сямʼю корміць агарод. Пражыць без уласнай гаспадаркі на пенсіі яна б не здолела.

У жніўні ў Беларусі павялічваюцца пенсіі, цяпер працоўная пенсія складзе 438 рублёў, пенсія паводле ўзросту 446 рублёў. Але згодна з пенсіянерамі, ад 50 да 100 рублёў яны аддаюць на камуналку, у сярэднім 60 рублёў – на лекі. Застаецца менш за 300 рублёў на месяц.

Большасць пенсіянераў жыве ў гарадах. Такіх – амаль мільён сямсот тысяч чалавек. Мы запыталіся ў гарадскіх пенсіянераў, ці хапае ім пенсіі:

«Не хапае заробку, не хапае, зразумела, і пенсіі».

«Не хапае, вядома, дзе ж яна хапае, вот 10 рублёў аддала».

«Не вельмі задаволены я сваёй пенсіяй, не хачу казаць, што яна жабрацкая, але яна не вельмі высокая».

«Сярэдні заробак перавысіў 1000 рублёў, то хаця бы рублёў 600 давалі б пенсіі нам», – распавядаюць пенсіянеры Заслаўля.

Жнівеньскае падвышэнне пенсіяў вельмі нязначнае, кажа Таццяна Зелка з беларускага саюзу пенсіянераў «Нашае пакаленне», а ў краіне варта агулам рэфармаваць пенсійную сістэму:

«Арганізацыя, якая вас абслугоўвае, у якой вы працуеце, таксама павінна адкрыць вам пенсійны рахунак, не кудысьці там аддаваць, нейкаму дзядзю, а на ваш рахунак, каб гэта акумулявалася, і ішлі адсоткі. Але для гэтага павінна быць фондавая біржа ў нас».

У Беларусі сярэдняя пенсія, нават пасля павышэння, складзе каля 40 адсоткаў ад сярэдняга заробку, хаця кіраўнік краіны ў красавіку загадаў дацягнуць гэты паказнік да паловы. У Расеі адсотак яшчэ меншы – 34. Польскія ж пенсіянеры атрымліваюць больш за палову сярэдняга заробку.

Наста Кахановіч, belsat.eu