Змусіць замаўчаць


Працягваюцца акцыі пратэсту супраць дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве» – працягваюцца і затрыманні. Пасля ўчорашняй акцыі ў Пінску зніклі прынамсі тры асобы, пра гэта паведаміў блогер Максім Філіповіч, якога ад затрымання ўратавалі мінакі.

Актыўных удзельнікаў ды арганізатараў пратэстаў затрымалі сёння ў розных гарадах Беларусі. Шэраг грамадскіх актывістаў заблакавалі ва ўласных кватэрах.

Актывістку прафзвязу РЭП у Бабруйску Галіну Смірнову міліцыянты літаральна вынеслі з падʼезду перад пачаткам у горадзе акцыі. Яе пратрымалі ў пастарунку больш за шэсць гадзінаў без вады і ежы.

Складанне пратаколу перанеслі на 15-га сакавіка.

Прынамсі чатыры бабруйскія актывісты Маршу недармаедаў, затрыманыя ўначы на суботу, застаюцца ў міліцыі.

У Берасці перад спантаннымі пратэстамі забрАлі блогераў Дзмітрыя Гарбунова і Сяргея Пятрухіна, а ў Кобрыне – Алеся Меха і Васіля Андраюка, якія кіраваліся ў абласны цэнтр для ўдзелу ў акцыі.

Зранку прайшлі ператрусы ў аршанскіх актывістаў, затрымалі Віктара Андрэева, абранага для перамоваў з гарадскімі ўладамі, Віктара Міхасёва, Ігара Грышанава. Пасля мітынгу ў Воршы затрымлівалі дэманстрантаў, што разыходзіліся па адным. Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які таксама ўдзельнічаў у аршанскай акцыі, спынілі ўжо на выездзе з гораду.

Разам з Паўлам Севярынцам затрымалі журналістаў «Белсату».

«Дазвольце нам пакінуць будынак мы тут толькі каб асвятліць затрыманне Паўла Севярынца!»

Аператара Аляксандра Баразенку пакаралі штрафам 23 рублі за тое, што ягоны аўтамабіль стаяў на праезнай частцы. А Кацярыну Андрэеву трымаюць у Аршанскім РАУСе, міліцыянты пагражаюць пасадзіць яе на 15 содняў.

Інакш скончылася затрыманне каманды журналістаў, што ехалі двума аўтамабілямі на акцыю ў Рагачоў. ДАІ падʼезд да гораду перакрыла ў сувязі з нібыта неабходнасцю правесці эксперымент на месцы дарожна-транспартнага здарэння.

У выніку, пратрымаўшы амаль гадзіну, журналістам далі дарогу. Адпусцілі, некалькі гадзінаў пратрымаўшы ў РУУСе Віцебскага раёну, і мясцовых журналістаў, што кіраваліся ў Воршу. Сяргея Русецкага і УладзІміра Лунёва, якія супрацоўнічаюць з нашым каналам, ДАІ затрымала, нібыта каб спраўдзіць машыну ў базе скрадзеных аўтамабіляў.

Таксама адпусцілі, пратрымаўшы да канца мітынгу, журналістаў, што прыехалі асвятляць падзеі ў Воршы: Сяргея Гудзіліна, Адарʼю Гуштын, Таццяну Матвееву, СержукА Серабро.

Паводле апошніх звестак, Кацярыну Андрэеву будуць трымаць у камеры да судовага паседжання. Калі яно адбудзецца, пакуль невядома. Як невядома і пра суды над іншымі затрыманымі ў сувязі з акцыямі недармаедаў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu