Злачынства без пакарання. Хто адкажа за збіты «Боінг»?


У чацвёртую гадавіну авіякатастрофы малазійскага боінгу над Данбасам палітыкі з розных краінаў заклікалі Расію прызнаць віну за трагедыю. З адпаведнымі заявамі сумесна выступілі міністры замежных справаў краінаў вялікай сямёркі і Еўразвязу а таксама ўкраінскі прэзідэнт Пятро Парашэнка. Але чатыры гады, якія прайшлі з таго дня, даказваюць, што Масква прызнавацца не збіраецца.

Гісторыя самай буйной авіякатастрофы 21 стагоддзя пачалася ў амстэрдамскім аэрапорце «Схіпгол», 17 ліпеня 2014 года. А 10:30 раніцы Боінг-777 малайзійскіх авіялініяў з 283 пасажырамі і 15 чальцамі экіпажу адарваўся ад зямлі і ўзяў курс на Куала-Лумпур, але так ніколі там і не прызямліўся.

Пра гэта паспелі напісаць усе навінавыя каналы гэтак званай Наваросіі, і амаль усе буйныя расейскія медыі.

Але як толькі на месцы катастрофы з‘явіліся сепаратысты з ДНР, а самалёт упаў на падкантрольную ім тэрыторыю, стала зразумела, што збіты борт быў грамадзянскі. Паведамленні, што самалёт збіла «народнае апалчэнне Данбасу«, у якога ў распараджэнні былі комплексы «Бук», хутка падчысцілі, а ў расейскіх медыях пачалася бясконцая колькасць версіяў.

У адрозненне ад расейскіх медыяў, Нідэрланды, Малайзія, Аўстралія і Бельгія – краіны з найбольшаю колькасцю сваіх грамадзянаў на борце самалёта – з высновамі не спяшаліся. Разам з Украінаю яны стварылі Аб’яднаную следчую групу, якая толькі праз 2 гады заявіла: комплекс «Бук», якім збілі «Боінг», прывезлі з Расеі. А сёлета камісія, а таксама ўрады Аўстраліі і Нідэрландаў афіцыйна абвінавацілі ў катастрофе Расейскую Федэрацыю.

Расея ўсе абвінавачанні ў датычнасці да катастрофы адхіляе. Але пры гэтым блакуе ў ААН стварэнне міжнароднага трыбуналу для расследавання трагедыі і перашкаджае апытанню ключавых сведак. Сёння, у чацвёртую гадавіну тых падзеяў, маўклівым пратэстам каля расейскай амбасады ў Гаазе сваякі ахвяраў нагадваюць усім расейцам пра свой боль.

«Мы спадзяемся, што расейцы ўсведамляюць маштаб трагедыі. 298 забойстваў. 298 крэслаў. Іх збілі з неба адным велізарным выбухам. Мы разлічваем, што грамадзяне Расеі, асабліва тыя, хто ясна разумее, што адбылося 17 ліпеня 2014, выйдуць наперад і скажуць: я не магу больш з гэтым жыць», – кажа сваяк ахвяраў катастрофы Сандэр Ван Люк.

Пакуль жа, нягледзячы на доказы следства і ўказанне канкрэтнага вайсковага гарнізону, які перавозіў і абслугоўваў супрацьпаветраны комплекс, ніхто так і не адказаў за смерць 218 дарослых і 80-ці дзяцей, забітых 4 гады таму над паўднёвым усходам Украіны.

Ігар Кулей, «Белсат». Фота: REUTERS / Maxim Zmeyev / FORUM