«Жыжу вывозяць бочкамі». У Мядзельскім раёне на палі зліваюць гной


Вадкасць з характэрным пахам гною сцякае праз балаціну на палі каля вёскі Брусы, што непадалёк Нацыянальнага парку «Нарачанскі». Патэнцыйная крыніца зліваў – свінагадоўчы комплекс «Брусы». Нягледзячы на тое, што відавочных сцёкаў вынайсці не ўдалося. Аб праблеме не з чутак ведаюць мясцовыя жыхары.

«Раней пахі тут былі амаль кожны дзень. Вылівалі, жыжу вазілі. Тут пераворана, яны вылівалі на гэтыя палі. У бок фермы ў нас палі. Цяпер, відавочна, бочкамі туды далей вывозяць жыжу», – распавядае жыхар вёскі Брусы Уладзімір.

У Мядзельскім раёне такая сітуацыя адбываецца яшчэ і ў вёсцы Свір, дзе гной на палі скідаюць з найбліжэйшага кароўніка. У сярэдзіне студзеня праблему заўважыў мясцовы актывіст.

«Уносіцца арганіка не сама сабою – гэта нітраты. Натуральныя прыродныя нітраты. Але ўносячы не заараўшы, сельская гаспадарка губляе іх. Атрымліваецца ўтылізацыя адходаў фермаў», – кажа Аляксандр Дарашэвіч з «Зялёнага дазору».

Найбольшы непакой выклікае тое, што праз меліярацыйныя каналы сцёкі трапляюць у балаціну і адтуль у раку Свірыца.

«Гэткім чынам гэта прычына эўтрафікацыі. Зніжаецца ўтрыманне кіслароду ў вадзе. Кісларод вызначае жыццё ў вадаёме. Няма кіслароду – няма жыцця: ні водарасцяў, ні рыб – нічога там не будзе», – тлумачыць каардынатарка праектаў установы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» Наталля Парэчына.

Аляксандр адразу ж вусна звярнуўся ў Мядзельскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, спадзеючыся на асабістыя стасункі. Ці адрэагавалі на ягоны запыт – пакуль невядома, датэлефанавацца да інспектара не ўдалося.

«Лічу, першае, што павінныя былі зрабіць – прымусіць тых, хто гэта зрабіў, лакалізаваць гэтыя сцёкі. У самым вузкім месцы любым трактарам загарнулі б зямлю, то сцёк бы спыніўся. Па-добраму, пасля звароту ўсё тое, што ўнесена на палі, трэба было заараць», – кажа Аляксандр Дарашэвіч з «Зялёнага дазору».

Адмыслоўцы бачаць магчымасць развязання праблемы ў правільнай арганізацыі гаспадаркі паводле прынцыпу ландшафтна-адаптаванага земляробства.

«Неабходна па найбліжэйшай ізалініі абворваць вала-канавай, каб з вясновымі сцёкавымі водамі гэтая арганіка засталася на тым месцы, дзе яе вывезлі. Аднак у міжнароднай практыцы арганіка ў чыстым выглядзе на палі не вывозіцца», – зазначае кіраўніца экалагічнай установы «АграЭкаКультура» Вольга Шчыглінская.

Адмыслоўцы з Цэнтру экалагічных рашэнняў зазначаюць, што ў апошнія гады сцёкі з сельскагаспадарчых комплексаў фіксуюцца ўсё часцей. І звязваюць гэтую тэндэнцыю з павелічэннем пагалоўя жывёлы на фермах.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»