Жыццё без ваннай і прыбіральні


Жыццё ў доме без вады і каналізацыі ды з грыбком і трухлявымі сценамі. І гэта – не пра побыт у сярэднявеччы, а сумная рэчаіснасць жыхароў баракаў у Барысаве. Чаму людзі гадамі вымушаныя жыць у арэндавым жытле без годных на тое ўмоваў?

Барысаў, дом нумар 29 на вуліцы 30-ці год ВЛКСМ. Нядаўна ленінскаму камсамолу, у гонар якога і назвалі вуліцу, споўнілася 100 гадоў. Але, гледзячы на тое, як тут жывуць людзі, губляешся ў часе.

Заходзім у дзяржаўны барак з арэндавым жытлом. У сваю кватэру, ці, хутчэй, пакой запрашае Марына Падасінавік. Кажа, нават не можа ссунуць канапы – тая і дзірку ў падлозе закрывае, і пахілую сцяну падпірае:

«Наступіце вось тут, усё правальваецца. А вось тут стол пачынае хістацца, усё правальваецца».

У суседкі насупраць сітуацыя яшчэ горшая. Трубу прарвала, цэнтральнага ацяплення ў кватэры проста няма.

– Трэба мяняць трубы.

– Ніхто мне не мяняе. Мне сказалі, рабі сама ўсё і дзверы. Тут і падлогу трэба падымаць. А адкуль? У мяне пенсія 200 рублёў.

І гэта добра, што цяпер няма моцных маразоў. На шэсць кватэраў на першым паверсе – усяго адна кухня. Сыплецца сценка, сыплецца столь. Кухонныя шафы павесіць немагчыма. Вады няма. Каб нешта прыгатаваць, яе трэба насіць з умывальні ў іншым канцы калідору. Вада, дзіва што, толькі халодная.

– А вось скажыце, вось гэтыя краны, а дзе мыцца?

– У тазіках! Грэем і мыемся ў тазіках. Удома! – тлумачыць жыхарка дому спадарыня Наталля.

Падлога правальваецца і пад умывальнікам. Сітуацыя цягнецца гадамі. Жыхары неаднаразова скардзіліся ў ЖЭУ, там паабяцалі зрабіць капітальны рамонт… які выліўся толькі ў афарбоўку калідору. Што праўда, атрымалі жыхары і пэўны бонус. Частку гнілой падлогі ў калідоры памянялі падчас прыезду Лукашэнкі ў Барысаў.

– Але Лукашэнка тут не хадзіў.

– Не, ён на «спічку» прыязджаў. Тут зрабілі, каб служба бяспекі ногі не пераламала, – кажа спадарыня Наталля.

«Спічка» – гэта барысаўцы маюць на ўвазе «Барысаўдрэў». Прадпрыемства – цераз дарогу ад дому. Тады ж, падчас прыезду Лукашэнкі, каля бараку паставілі і пафарбавалі плот. Акурат недалёка ад гэтага плоту жыхарам даводзіцца хадзіць па сваіх патрэбах.

«Ну во гэта паставілі напэўна 3-4 гады таму біяпрыбіральні. Але туды толькі ўлетку можна хадзіць. Толькі калі цёпла, туды не сходзіш. 3-5 разоў сходзіш – яно ўсё намярзае», – распавядае мясцовая жыхарка Марына Падасінавік.

Узімку жыхары выкарыстоўваюць іншую грамадскую прыбіральню – за 100 метраў ад дому. Мы ўжо збіраліся ехаць, як, пабачыўшы камеру, жыхары суседняга дому (вул. 30-год ВЛКСМ, 25) – папрасілі нас зняць некалькі кадраў і пра стан іхнага жытла. Яшчэ ў 2014-ым арэндавы дом прызналі аварыйным і абяцалі рассяліць па новых кватэрах.

«Каля 10 рублёў я плачу. А ў каго тры пакоі – 30 рублёў», – распавядае пра памеры арэндавых платаў Марыя Задруцкая, жыхарка дому №25 па вул. 30-год ВЛКСМ.

У якасці пацверджання жыхары паказваюць сваё ліставанне з чыноўнікамі. У адрозненне ад ранейшага дому, тут ёсць ванная. Але мыцца ў ёй немагчыма. Стан прыбіральні мы нават не можам паказаць на камеру.

«Тут у нашым доме не алкаголікі. Ніводнага няма. Усе нармальныя людзі жывуць, сямейныя, з дзеткамі. Але чамусьці мяркуюць, раз тут жывем, раз дом такі, раз не змаглі сабе пабудаваць штосьці. Але ў кожнага свае ж праблемы, праўда. Я, напрыклад, адна трох дзетак расціла. Муж памёр 21 год таму», – з жалем сведчыць жыхарка дому Марыя Вайцяховіч.

Атрымаць жа каментар ад ЖЭУ нумар 1, якое абслугоўвае барысаўскія баракі, на жаль, не ўдалося. У працоўны час там ніхто гэтак і не зняў слухаўкі.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu