Жыхары Магілёва: Вірус не ідзе на спад, проста гэта хаваюць ад нас


Пасля чатырох дзён станоўчых лічбаў, калі ў краіне ачунялых ад COVID-19 было больш, чым новых інфікаваных, сітуацыя з каронавірусам вярнулася ў рэчышча мінулых тыдняў. Паводле Мінздароўя, цягам мінулых содняў заразілася амаль на 250 асобаў больш, чым выздаравела. Зафіксавалі шэсць новых смерцяў ад COVID-19.

«Мяркуючы з інтэрнэту, то нам 15 % усяго расказваюць, што насамрэч дзеецца».

«Мне падаецца, вірус не ідзе на спад, проста гэта хаваюць ад нас, насамрэч значна горш усё».

«На мой погляд, проста вірус мы сталі ўспрымаць лягчэй».

«Так, я б сказаў, што, напэўна, пайшло на спад, бо фактычна тое, што я бачу… Можа, проста людзі перасталі баяцца, можа, самаўнушэнне», – мяркуюць жыхары Магілёва.

Пра тое, што каронавірус ідзе на спад, Аляксандр Лукашэнка заяўляў ужо некалькі разоў, апошні раз – учора ў Магілёве. Апраўдваў кіраўнік краіны і сваю стратэгію змагання з каронавірусам:

«Мы паказалі, што ёсць такая Беларусь, што яна стойкая, мудрая, магутная і можа спраўляцца з гэтай пандэміяй».

Але гэтую стратэгію падтрымліваюць не ўсе беларусы.

«Мне падаецца, што краіны, якія пайшлі па шляху ізаляцыі ад каранціну, хутчэй паправіліся і выходзяць на нармальнае жыццё».

«Трэба было ад пачатку абмежаваць перамяшчэнні людзей, закрыць усё і зрабіць самаізаляцыю».

«Сур’ёзных захадаў не было прынята, насельніцтва самаарганізавалася».

«Ён проста не хоча прызнаваць сваіх памылак», – лічаць магілёўцы.

Не хочуць прызнаваць памылак ды хаваюць інфармацыю ад людзей не толькі ў Беларусі. Міністэрства здароўя Бразіліі перастала абнаўляць інфармацыю пра агульную колькасць выпадкаў інфекцыі ў краіне і змяніла выгляд сайту, прыбраўшы з яго папярэднія статыстычныя звесткі, каб не было бачна дынамікі. А прэзідэнт Бразіліі Жаір Баўсанару заявіў пра магчымы выхад краіны з Сусветнай арганізацыі здароўя:

«ЗША пакінулі САЗ, і мы таксама плануем гэта зрабіць. Або САЗ будзе працаваць без ідэалагічнай перадузятасці, або мы таксама з яе выйдзем. Нам не патрэбныя людзі, якія звонку будуць выказваць думкі пра ахову здароўя тут».

Бразілія займае другое месца ў свеце паводле колькасці хворых і трэцяе – паводле колькасці смерцяў ад каронавіруса. Агулам у свеце, паводле звестак Універсітэту Джонза Гопкінза, колькасць смерцяў ад COVID-19 перавысіла 400 тысячаў, а колькасць выпадкаў заражэння наблізілася да сямі мільёнаў. Адбыліся змены ў пяцёрцы лідараў паводле колькасці інфікаваных – на пятае месца выйшла Індыя, абагнаўшы Іспанію.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»