Жыхару Калінкавічаў 6 гадоў не дазваляюць працаваць, але не даюць групы


Беларусь – сацыяльна-арыентаваная дзяржава, любяць паўтараць з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў. Аднак, відавочна, не для ўсяго соцыуму. Да працы – не дапускаюць, але пенсіі па інваліднасці прызначыць не хочуць. З такою адчайнаю сітуацыяй сутыкнуўся жыхар Калінкавічаў пасля аперацыі на хрыбетніку. Гісторыя Васіля Лужкова ў сюжэце нашых калегаў.

Дапамагчы, пакуль не позна. У 2012-ым у жыхара Калінкавічаў Васіля Лужкова пачалі адымацца рукі. На шыйнай хрыбетцы выявілі тры грыжы. Заставалася адно выйсце – аперацыйны стол і тытанавыя пласціны ў шыі.

«Аказаўся інвалідам, далі на год групу, да 2013 года», – узгадвае Васіль Лужкоў.

Пазней інваліднасць знялі, але абмежаванні на працу – пакінулі. Вытрымка з пастановы адной з лекарскіх камісіяў:

«Шкодныя цяжкія працы класу 3.1–3.3, звязаныя з пад’ёмамі, перамяшчэннем грузу ўручную (…), супрацьпаказанае знаходжанне ў нязручнай і (або) фіксаванай позе больш за 25 % працоўнай змены».

Ужо шэсць гадоў спадар Васіль не можа прайсці медычнай камісіі для працы. Нягледзячы на накіраванні з цэнтру занятасці і просьбы з мясцовага выканкаму, мужчыну не бяруць нават дворнікам або вартаўніком. Пасля аперацыі жыхар Калінкавічаў нават авалодаў новай прафесіяй – качагар.

«Два месяцы я ездзіў, паліў бензін, пісаў, як вучань, канспекты. Атрымалася так, калі я ішоў на качагара вучыцца, ЦРБ падпісала камісію – «прыдатны», а калі я знайшоў працу, знайшлі мне ў Цэнтры занятасці, дзе працаўладкавацца – ужо гавораць: «Непрыдатны, па слыху ты не праходзіш, у цябе тугавухасць», – сведчыць Васіль Лужкоў.

Паралельна з пошукам працы спадар Васіль спрабаваў вярнуць сабе статус чалавека з інваліднасцю. Адказ паўсюль адзін.

«Езджу: Калінкавіцкая МРЭК, Гомельская МРЭК, Менская МРЭК. І так да бясконцасці. Ужо пяты раз гэтыя інстанцыі праходжу. На абласной МРЭК гавораць: табе група «не паложана», дык я кажу: здымайце абмежаванні, каб я пайшоў на працу нейкую. Кажуць: «не паложана».

У Гомельскай абласной МРЭК тлумачаць: сітуацыя, калі чалавеку не прызнаюць інваліднасці і адначасова не дапускаюць да выканання працы паводле медычных паказнікаў – цалкам рэальная:

«Справа ў тым, што група інваліднасці – гэта стабільныя змены, якія не паддаюцца вылечванню. Не выключана, што ў яго там ёсць такая сітуацыя, што захворванні, якія маюць месца быць, яшчэ паддаюцца вылечванню. 73-ага года, ён вельмі малады».

Дзяжурная медсястра дадала, што ў МРЭК не абследуюць, а толькі прымаюць заключэнні абласных спецыялістаў. Акурат цяпер Васіль Лужкоў ляжыць у шпіталі ды чакае, што гэтым разам яму напішуць дактары.

«Дзяржава не скіраваная на тое, каб бачыць канкрэтнага чалавека, простага чалавека. Яна скіраваная на свае асабістыя патрэбы», – мяркуе гомельскі грамадскі дзеяч Васіль Палякоў.

Аднак лепшай парады як выйсці з такой сітуацыі актывісты не маюць. Жыхар Калінкавічаў ужо шэсць гадоў вымушаны перабівацца выпадковай падпрацоўкай і дапамогаю блізкіх. І спадзяецца ён цяпер толькі на грамадскі рэзананс.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu