Жыхарам памежнай вёскі забаранілі выходзіць на двор без дазволу памежнікаў


Жыхары Лынтупаў, што ля самай літоўскай мяжы, сталіся закладнікамі пашыранай памежнай зоны. Згодна з новым указам, мясцовыя больш не могуць вольна хадзіць у лес са сваіх хутароў. Цяпер аб перасоўваннях трэба за гадзіну дакладваць памежнікам. Каб наведаць лес, які там амаль паўсюль, трэба набываць пропуск за 10 рублёў.

Паселішча Лынтупы месціцца амаль на мяжы з Літвою. Паводле ўказу 168 дроб тры, які набыў моц сёлета 9 студзеня, тэрыторыя памежнай зоны і памежнай паласы значна павялічылася. Лынтупы ды іншыя паселішчы не ўваходзяць у памежжа. Але калі выйсці з роднага паселішча, то чалавек трапляе ў памежную зону. Гэта можа мець цяжкія наступствы – штраф памерам ажно 6 тысячаў 375 рублёў.

«Амаль кожны жыхар памежжа, не жадаючы таго і нават не ведаючы таго, не аднойчы парушыў правілы памежнай паласы», – кажа Ігар Пастухоў, каардынатар руху «Зялёны дазор».

На сустрэчы ў клубе Лынтупаў прадстаўнікі памежнага камітэту спрабавалі патлумачыць мясцовым новыя правілы жыцця. Некаторых адказы не задаволілі.

«Прыйдзецца вырабіць пропуск, прайсціся каля дому. Нямецка-фашыскія захопнікі такіх парадкаў не рабілі, а тут родная ўлада!» – абураецца Аляксандр Гарбуль, жыхар Лынтупаў.

Такі пропуск будзе дзеяць два гады і каштаваць 10 рублёў 20 капеек. Але набыць яго – мала. Пра тое, куды, як, з кім і навошта мясцовыя плануюць перасоўвацца, трэба за гадзіну паведамляць памежнікам.

«Званю дзяжурнаму, кажу: «Мы едзем. Я такі-та, са мной такі-та. Мы будзем плаваць на лодцы». Паведамляем, што там будзе адбывацца. Яны кажуць: «Выдатна. Калі паедзеце назад?» – «Ну, увечары». – «Ну, паведаміце калі будзеце ехаць назад», – гаворыць дачнік Аляксей Кушко.

Але лепей не затрымлівацца да позняга вечара. У цемры ўвогуле нельга быць ні ў лесе, ні на возеры. Той, хто не паспеў, – парушальнік, супраць якога памежнікі маюць права выкарыстаць зброю. Але супакойваюць: без папярэджання страляць не будуць.

Новыя правілы паўплываюць не толькі на жыццё людзей, але і жывёлаў. Уздоўж новай памежнай паласы збудуюць сеткавую агароджу, 2 метры ў вышыню. Яна значна ўскладніць штосязонную міграцыю капытных жывёлаў, кажа эколаг.

«Гэтым карыстаюцца ваўкі, гоняць іх да сеткавай загароды і там душаць. Сеткавая загарода перасякае фактычна экалагічныя сістэмы, і ў выніку яны дэградуюць, шмат з іх», – тлумачыць Ігар Пастухоў, каардынатар руху «Зялёны дазор».

Жыхары Лынтупаў лічаць, што новыя правілы ўскладняць іхнае жыццё. Прадстаўнікі памежнага камітэту – іншага меркавання:

«Закон, наадварот, спрасціў парадак знаходжання ў памежнай зоне, у памежнай паласе».

Памежнік удакладніў: прасцей стане прыстойным грамадзянам. То бок такім, хто купляе адмысловыя пропускі, не выходзіць з дому ўначы і паведамляе пра шпацыры за гадзіну.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu