Жыхар Глыбокага пра вучэнні з Расеяй: «Яму, пр...ку, рабіць няма чаго!»


Незаконныя ўзброеныя фармаванні «заходняй» кааліцыі атакуюць пазіцыі дэсантнікаў. Крылатая пяхота кааліцыі «паўночнай» дае праціўніку адпор.

Згодна з такім сцэнаром стартавалі вучэнні «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Умоўныя сепаратысты і баевікі з умоўных Весбарыі, Лубеніі ды Вейшнорыі маюць адзіную мэту – пасварыць чальцоў Саюзнае дзяржавы.

Варожая Лубенія размяшчаецца на актуальнай тэрыторыі Польшчы. Умоўная ж Весбарыя – гэта цяперашняя Літва.

Паводле афіцыйных звестак, удзел у манеўрах бяруць да 13-ці тысячаў вайскоўцаў з Беларусі ды Расеі. Аднак заходнія эксперты памнажаюць гэтую лічбу прынамсі ў некалькі разоў.

Манеўры распачаліся толькі сёння

Але за 2 тыдні да афіцыйнага старту беларуская актывістка Наталля Гарачка зафіксавала наяўнасць расейскіх вайскоўцаў у Беларусі.

А таму ў абарончы, а, галоўнае, празрысты характар вучэнняў не верыць не толькі Літва. Міністр абароны Польшчы Антоні Мацерэвіч заявіў, што манеўры скіраваныя перадусім супраць Варшавы і Вільні, а таксама супраць Украіны.

Непакой адчулі не толькі жыхары Літвы і Польшчы

Згодна з легендаю сёлетніх манеўраў, небяспека для Саюзнай дзяржавы сыходзіць і ад Вейшнорыі – умоўнай краіны на паўночным захадзе Беларусі.

«Пэўная, вельмі значная частка тэрыторыі Беларусі адасобленая і супрацьпастаўленая ўсёй іншай краіне ў якасці патэнцыйнага ворага. Гэта задума менавіта расейскага генштабу», – падкрэслівае Дзяніс Івашын з informnapalm.org.

Такая імавернасць ставіць пад яшчэ большы сумнеў раўнапраўнасць Масквы і Менску ў супольных вучэннях. І падмацоўвае страх часткі грамадства, што пасля вучэнняў расейскае войска застанецца супраць волі беларусаў.

І, як на замову, – свежы прыклад з Горадні

Днямі журналісты заўважылі расейскую сімволіку ў беларускага афіцэра.

Разам са сцягамі зʼявіліся і блокпасты. Як гэтыя ў горадзе Глыбокае. Да іх мясцовыя жыхары ставяцца досыць нейтральна. Але часам тут можна сутыкнуцца і з досыць нервоваю рэакцыяй у бок кіраўніка краіны.

«Яму, пр…ку, рабіць няма чаго! Яны патрэбныя? Яны не патрэбныя. Няхай бы людзям, якія працуюць, грошай даў», – крытычна выказаўся «Белсату» мясцовы жыхар.

Патрэбныя яны перадусім не Лукашэнку, а Пуціну, перакананыя эксперты. Каб прыгадаць расейцам моц колішняй імперыі ды паказаць мускулы Захаду. Хоць сам кіраўнік Расеі пакуль за манеўрамі назірае з вышыні Крамля. Прэс-сакратар Пуціна, аднак, не выключыў, што прэзідэнт Расеі зʼявіцца на вучэннях.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum