Журналісты «Белсату» ў Грэцыі: Разбіраемся з наступствамі царкоўнага расколу


Афон – гэта не проста святая зямля для праваслаўных вернікаў з усяго свету, гэта яшчэ і два дзясяткі кляштараў, якія больш за тысячу гадоў жывуць у адасабленні ды паводле сваіх правілаў. Шмат для каго выправа сюды як паломніцтву мусульманаў у Меку.

Кожная выправа на Афон пачынаецца вельмі рана. Цяпер пятая дваццаць раніцы мясцовага часу. Святая зямля – гэта асобная дзяржава. Каб трапіць туды, трэба спачатку атрымаць візу.

Кожны дзень, з паловы на шостую раніцы, калі адкрываецца цэнтр выдачы дазволаў, па «візу» сюды прыходзяць сотні мужчынаў. Жанчынам уваход на афонскую зямлю строга забаронены. Прычыны, з якіх едуць на Афон, у кожнага свае.

Праваслаўны святар з Расеі:

«Афон для кожнага праваслаўнага – цэнтр праваслаўя, я лічу, што нават цэнтр духоўнага жыцця ўсёй планеты. Душа кожнага праваслаўнага цягнецца туды».

Паломнік з Сербіі:

«Афон – гэта частка нашай культурнай спадчыны. Адзін з нашых святых быў тым, хто пабудаваў там кляштар. Гэта частка нашай гісторыі».

Паломнік з Менску:

«Гэта скарбніца вялікага духоўнага досведу, людзей, манахаў, якія адракліся ад жыцця. Гэта ўсё дапамагае чалавеку несці ягоны жыццёвы крыж».

Каталіцкі манах з Бельгіі:

«Я ўзмацніўся ў сваёй веры, калі мне было 18, дзякуючы праваслаўнаму святому. І, хоць я каталік, з таго часу маёй марай было трапіць на Афон».

Наземнай мяжы з Афонскім анклавам няма. Адзіная магчымасць трапіць на Святую зямлю – па моры праз невялікі гарадок Уранопаліс, які стаўся афонскаю брамай для чвэрці мільёна паломнікаў штогод. Менавіта тут узгаданы вышэй «візавы цэнтр», а з мясцовага пірсу адплывае 99 са 100 наведнікаў Афону. Увесь мясцовы бізнес дастасаваўся да рытму пілігрымаў і размаўляе на большасці моваў праваслаўных краінаў.

Грыгорый, афіцыянт:

«Тут вельмі шмат паломнікаў з Расеі, Украіны, Беларусі, Малдовы. Таму расейская мова вельмі дапамагае. Той, хто яе ведае, будзе мець працу круглы год».

Пэтрас, менеджар рэстарацыі:

«Я размаўляю па-расейску, бо тут шмат турыстаў. Калі ласка, праходзьце сюды, у нас ёсць морапрадукты, кальмары, васьміногі, свежая барабулька, прыгожая дзяўчына (смяецца…)».

Раскол паміж Маскоўскім і Канстанцінопальскім патрыярхатамі для мясцовых прадпрымальнікаў тэма далёкая і перабольшаная, прынамсі пакуль. Хоць большасць напатканых намі вернікаў кажа, што працягне наведваць Афон, нягледзячы на рэкамендацыю Маскоўскага патрыярхату гэтага не рабіць, плынь паломнікаў можа скараціцца. У першую чаргу за кошт святароў, якіх Масква можа кантраляваць, ды асабліва адданых Царкве людзей.

Паломнік з Аўстрыі:

«Мы былі там і планавалі застацца даўжэй, але з‘ехалі. Мы плануем прытрымлівацца забароны РПЦ, бо нашая Царква-маці гэтага не добраслаўляе».

Калі такіх пілігрымаў будзе значна больш, гэта можа стацца праблемаю для паселішча, якое менавіта дзякуючы турызму цягам 50-ці гадоў ператварылася з маленечкай вёскі ў кіпучае жыццём мястэчка.

Стата Адамопулю, Прэзідэнт культурніцкага таварыства Уранопалісу:

«70 адсоткаў усёй плыні турыстаў гэта тыя, хто едзе на Афон. Большасць з іх, вядома, расейскамоўныя. Толькі траціна – гэта турысты, якія прыязджаюць сюды адпачываць. Але фінансавы крызіс, які пануе ў Грэцыі, прымусіў нас шукаць альтэрнатыву. Шмат хто з мясцовых мае вінаграднікі, аліўкавыя палі, пасекі. Вельмі шмат прыносіць продаж рыбы і морапрадуктаў».

Урэшце, Уранопаліс дадаткова застрахаваны ад царкоўнага канфлікту паміж Масквою і Канстанцінопалем крыштальна чыстым морам, райскімі краявідамі, казачным надвор’ем і французскімі ды нямецкімі турыстамі, гатовымі плаціць за ўсё гэта ў еўрах.

Ігар Кулей, Дзяніс Дзюба, з Грэцыі адмыслова для belsat.eu