ЖКГ змушае Паўла Вінаградава бегаць ў прыбіральню на вуліцу


Жыццё ў смуродзе: жыхары дому № 100 на вуліцы Лібкнехта ў Менску ўжо чацвёрты дзень жывуць без магчымасці памыць посуд, памыцца самім ці элементарна схадзіць у прыбіральню: з прычыны аварыі каналізацыі ваду перакрылі. У сваю чаргу адкіды пацяклі наўпрост у кватэры.

Бруд выцякае праз ракавіны

У доме 4 паверхі, і, калі суседзі зверху мыюць посуд, увесь бруд аказваецца ў ракавінах і ваннах жыхароў першага паверху. Для таго, каб жыхары менш карысталіся каналізацыяй, ЖКГ перакрыла гарачую ваду – не толькі ў праблемным пад’ездзе, дзе ўласна і прарвала каналізацыю, але і ўва ўсім доме.

«У ваннай вада, бо там два разы жонка мыла галаву, мы туды чысцім зубы, і яна закрытая коркай, каб не ствараць праблемы суседзям знізу. Так гэта выглядае, я нават не магу корку выняць, каб людзей не залівала», – абураецца вядомы актывіст Павел Вінаградаў.

Схадзіць у прыбіральню – таксама праблема

Даводзіцца або бегчы ў біяпрыбіральню ў найбліжэйшым парку, або… у шпіталь насупраць дому.

Каналізацыйны бруд жыхары дому вычэрпваюць вёдрамі і выліваюць проста каля пад’езду, ад чаго пах у паз’ездзе стаіць невыносны.

«Жонка, дзяцёнак… То яна не спіць, то я не сплю, гэта ўсё выносіцца вёдрамі, у туалет схадзіць немагчыма, гэта ўсё выносіцца ў пакетах, ну, як каменнае стагоддзе», – скардзіцца жыхар дому Сяргей Манахаў.

Жыхарка ніжняга паверху, якую ўласна пачало заліваць брудам, перакрыла ўсяму пад’езду і халодную ваду.

«Каля Дзяржынскага… туды хаджу. Метраў 300-400, пешшу, у руку адзін бідон, на плечы другі бідон, і нясу – іншага выйсця няма», – кажа сусед жыхаркі з ніжняга паверху.

ЖКГ рады не дае

Працаўнікі ЖКГ адказ толькі паціскаюць плячыма – сваймі сіламі даць рады не могуць.

«Тут аб’ем працы невялікі, і шукаем падрадную арганізацыю, каб выканаць гэтую працу. Да нядзелі тут будзе заменены ўчастак вонкавай каналізацыі, адноўленая нармальная каналізацыя», – абяцае старшыня мясцовага ЖКГ Мікалай Раманоўскі.

Паводле спадара Раманоўскага, працы пачнуцца толькі ў пятніцу, а гэта значыць, што да канца тыдня жыхары дому № 100 застануцца без вады.

Настасся Храловіч, Менск