Збор подпісаў у нагнятанні атмасферы страху

Віктар Бабарыка, Валер Цапкала і Святлана Ціханоўская – гэтыя тры асобы прыцягваюць найбольш увагі і медыяў, і беларускіх грамадзянаў, і ўладаў.

«За Бабарыку падпісаліся, будзем за Цапкалу. Адным словам – за перамены».

«Спадар Цапкала і спадар Бабарыка».

«Калі знайду пікет з Ціханоўскай, то таксама пастаўлю на ўсялякі выпадак», – кажуць падпісанты з Менску.

Ініцыятыўныя групы працягваюць збор подпісаў, а эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавалі чарговы маніторынг прэзідэнцкай кампаніі. Сярод парушэнняў падчас збору подпісаў праваабаронцы адзначылі і фармальны разгляд скаргаў у ЦВК, і масавыя затрыманні падчас пікетаў, і выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў за Лукашэнку.

«Ёсць выпадкі, калі начальнік аддзелу адукацыі раёну ў настаўніцкай збіраў подпісы. Ясна, што нават калі гэта не ў працоўны час, настаўнікі вымушаныя будуць падпісацца, і ніхто не адмовіць, калі там сядзіць начальнік усіх школаў усяго раёну», – распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

За Лукашэнку, паводле кіраўніка ягонага штабу, сабралі ўжо каля мільёну подпісаў. Пры гэтым у Менску быў заўважаны толькі адзін ягоны пікет. У іншых кандыдатаў вынікі больш сціплыя. Віктар Бабарыка паведаміў, што ягоная ініцыятыўная група сабрала 167 тысяч подпісаў. Пра больш як сотню тысяч подпісаў заявіў і Валер Цапкала.

Штабы Сяргея Чэрачня, Наталлі Кісель і Ганны Канапацкай паведамляюць пра больш як 70 тысяч подпісаў, а Андрэй Дзмітрыеў – пра шэсцьдзесят тысячаў. Рэшта патэнцыйных кандыдатаў новых звестак аб колькасці подпісаў не падалі. На вуліцах найчасцей можна сустрэць пікеты акурат тых трох прэтэндэнтаў, якія і прыцягваюць найбольш увагі, паводле маніторынгу.

«За ўсіх буду падпісвацца, апроч Лукашэнкі».

«Я падпісалася за пяць кандыдатаў».

«Я лічу, што павінны быць альтэрнатыўныя кандыдаты на выбарах».

«Я з 94 года паверыла адзін раз гэтаму чалавеку», – кажуць менчукі.

Расчараванне дзейным кіраўніком краіны гучыць у выказваннях і жыхароў сталіцы, і невялікіх гарадоў.

«Лічу, што чалавек, які так ненавідзіць сваю краіну, людзей, не павінен быць прэзідэнтам».

«Спачатку ж ён такі і не быў, а цяпер паглядзіце, якія абразы, як ён абзываецца: і галаву адкруціць, і рукі павыкручвае… І такое пахабнае ўсё», – тлумачаць свой выбар жыхары Докшыцаў.

Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня. Але праваабаронцы папярэджваюць: нягледзячы на вынікі збору, праз закрытасць працэдураў праверкі подпісаў у выбарчых бюлетэнях мы можам пабачыць не тыя прозвішчы, якія абралі людзі, а тыя, якія будуць патрэбныя ўладам.

Эдуард Жолуд, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама