«Збіць пратэставыя настроі»: Наталля Качанава ездзіць па рэгіёнах

Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава наведала сёння горад Ліду, дзе сустрэлася з мясцовымі жыхарамі, актывістамі ды сябрамі ініцыятыўных групаў кандыдатаў на прэзідэнцтва. Такім чынам Качанава выконвае загад Аляксандра Лукашэнкі.

Вашыя праблемы – гэта нашыя праблемы. З такім пасылам правяла сустрэчу з мясцовымі жыхарамі ды актывістамі ў Лідзе Наталля Качанава.

«Яна выконвае даручэнне прэзідэнта. Прэзідэнт – за народ, ён хоча ведаць думкі народу. Яна з ім цалкам згодная, і ёй падабаецца чуць думкі, адрозныя ад яе думак як чыноўніцы», – кажа старшыня Лідскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Пантус.

Паводле Сяргея Пантуса, на пытанне сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, навошта вы падзяляеце людзей брутальнымі затрыманнямі, старшыня Савету Рэспублікі адказала коратка: ніхто не раздзяляе.

«Наколькі я зразумеў – гэта яе канёк. Калі ёй задаеш халоднае, цвярозае пытанне, яна не дае адказ на яго. Альбо ў адказ задае правакацыйнае пытанне», – гаворыць Сяргей Пантус.

У мінулую пятніцу Наталля Качанава наведала Пінск, дзе, у прыватнасці, сустрэлася з ініцыятыўнаю групаю Святланы Ціханоўскай – вылучэнкі на пасаду прэзідэнта. На пытанне адносна нізкіх заробкаў медыкаў чыноўніца адказала:

«Калі вы ішлі ў медуніверсітэт, вы ведалі пра заробкі».

У адказ на словы Качанавай медыкі запусцілі флэш-моб пад гэштэгам #мызналикудашли ды адкрыта выказваюцца пра сваю працу:

«Малы заробак – не адзіная праблема. Медыкі ўвесь час сутыкаюцца з фразаю «ты ведала, куды ішла», на іх пішуць скаргі, часта неабгрунтаваныя, з іх здымаюць прэміі».

«Мне б вельмі хацелася, каб заробку хапала на маю сям’ю з чатырох чалавек. Проста таму, што «папіццот» не было нават пры працы на паўтары стаўкі».

Навошта Качанава ездзіць па рэгіёнах? На думку эксперта, гэткім чынам улады спрабуюць сачыць за ініцыятыўнымі групамі альтэрнатыўных кандыдатаў.

«Першае – гэта даведацца, што гэтыя групы збіраюцца рабіць. І адчуць настроі людзей. Што яны будуць рабіць, калі не зарэгіструюць, калі не зарэгіструюць Ціханоўскую. Якія гэты выкліча наступствы. Другая мэта – унясенне расколу паміж палітычнымі сіламі», – аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Аналітык упэўнены: галоўнае, чаго дамагаюцца ўлады, – збіць пратэставыя настроі. У гэтым дапамагае выбарчы каляндар. Пара дазволеных пікетаў скончылася, перадвыбарчая агітацыя распачнецца толькі 14 ліпеня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама