Збіраць подпісы супраць дзедаўшчыны забаронена?


Укінулі позву ў паштовую скрыню. Даслалі аператараў у цывільным пад будынак суда. І не пусцілі ў залу пасяджэнняў, каб завочна судзіць паводле паказанняў сведак-міліцыянтаў. Гэтак Анатоля Лябедзьку сёння аштрафавалі за збор подпісаў 17-га кастрычніка. Старшыня АГП кажа пра парушэнне правоў ад самага пачатку.

«Ніхто пратакол адносна мяне не складаў, з правамі і абавязкамі не знаёміў, тлумачэнні не браў, што з юрыдычнага пункту гледжання дастаткова, каб ігнараваць падобныя працэсы», – даводзіць спадар Анатоль.

Хавацца ад міліцыянтаў не планаваў

Штраф Br 1150 – гэта, з аднаго боку, пераслед за ўдзел у кампаніі супраць дзедаўшчыны, за збор подпісаў аб адстаўцы міністра абароны Андрэя Раўкова. А з іншага боку, суд нагадаў грамадству пра рэзанансную справу аб смерці салдата Аляксандра Коржыча ў сумнавядомай вучэбнай частцы ў Печах пад Барысавам.

«Давайце яшчэ раз нагадаем пра смерці маладых людзей, пра тое, што калі зачысцілі казармы ў Пячах ад гэтых смярцей, ніхто нічога не гарантуе. І апроч таго, што пакараюць нейкіх афіцэраў, сяржантаў, праблема ж не ў гэтым, праблема глыбей і шырэй», – даводзіць Лябедзька.

У кастрычніку Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале вайсковай часткі, з завязанымі нагамі і майкай на галаве. Спачатку Міністэрства абароны і Следчы камітэт казалі выключна пра версію самагубства з асабістых прычынаў. Мінабароны заяўляла пра мэтанакіраваную інфармацыйную атаку супраць яго.

У Беларусі часова заблакавалі старонку zvarot.by

Там ішоў збор подпісаў з патрабаваннем расследаваць смерць Коржыча і выправіць у адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова. У выніку, пад ціскам грамадства ўлады распачалі крымінальныя справы аб збіванні, катаваннях і рэкеце салдатаў з боку сяржантаў і афіцэраў. Следчы камітэт аднавіў раней закрытыя справы аб смерці іншых салдатаў у розных частках краіны. У Печах змяніўся начальнік часткі, а міністр Раўкоў застаўся побач з Лукашэнкам.

«Калі грамадзяне ўмешваюцца ў гэтыя справы, то ўладзе непрыемна. Бо гэта яны там прымаюць рашэнні. Любыя кадравыя рашэнні прымае ўлада. І калі грамадзянін кажа: прэзідэнт, адпраў у адстаўку міністра абароны, то прэзідэнту гэта не падабаецца, бо ён кажа, што сам-адзін займаецца палітыкай, больш ніхто», – тлумачыць логіку ўладаў Антаніна Кавалёва з Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Як паведамілі ў Міністэрстве абароны, падчас пазапланавай атэстацыі ў Печах 30 % малодшых камандзіраў не змаглі прайсці праверкі. У выніку яны перайшлі служыць у іншыя вайсковыя часткі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Nozim Kalandarov / TASS / Forum