Завод не прызнае сваёй віны ў смерці працаўніка, які адпрацаваў там 20 гадоў


Пасля амаль 20 гадоў працы на нафтаперапрацоўчым заводзе Павел Раманоўскі з Мазыра памёр у выніку сур‘ёзных праблемаў са здароўем. Усё пачалося 7 гадоў таму, калі, як кажуць бацькі працаўніка, ён атруціўся хімічным рэчывам на заводзе. Адміністрацыя прадпрыемства адмаўляе гэты факт і не прызнае траўмы вытворчай. Справа трапіла ў суд.

Лідзія Раманоўская, маці памерлага:

«Ён у садок заводскі хадзіў, усе былі завадскія сябры, ездзіў адпачываць, у садку на экскурсію на завод вадзілі. Ён жыў заводам. Для яго завод – гэта была родная… Мама, тата – трэцяе месца».

Шчаслівым будням надышоў канец 29-га ліпеня 7 гадоў таму. Тады, паводле бацькоў Паўла, ён атруціўся шкодным хімічным рэчывам на працоўным месцы. Лідзія Раманоўская, маці памерлага:

«Сын да гэтага выпадку нічым не хварэў, толькі прастудай. Гэта не мае словы, гэта ўсюды ў медычных дакументах пацвярджаецца».

Павел Раманоўскі вельмі дрэнна пачуваўся, з’явіліся праблемы са страўнікам і галаўныя болі. Некалькі месяцаў пасля здарэння праляжаў у шпіталі. Вячаслаў Раманоўскі, бацька памерлага:

«Мы яго прасілі: «Давай, Павел, кінь гэтую працу, неяк пражывем». Але ён хацеў працаваць, ён казаў: «Я не ўяўляю свайго жыцця без заводу».

Павел усё ж вярнуўся на працу, нягледзячы на тое, што расследавання выпадку адміністрацыя заводу адразу не правяла. Леанід Судаленка, прававы інспектар прафсаюзу РЭП:

«Непатрэбна ісці на повадзе, не паддавацца на просьбы свайго працадаўцы, а менавіта заяўляць адразу пра тое, што траўма атрыманая на прадпрыемстве, рабіць гэтую траўму вытворчай. І адразу бегчы да лекараў, каб зафіксаваць тыя пашкоджанні, якія непасрэдна атрымаў той ці іншы работнік».

Паводле закону, кіраўніцтва Мазырскага НПЗ мусіла скласці акт аб вытворчай траўме адразу пасля таго, як працаўнік займеў сімптомы атручвання.

«Толькі праз 12 дзён адміністрацыя заводу зрабіла замеры на рабочым месцы Паўла. І на гэтым паставілі кропку. Мы лічым, што праз 12 дзён ужо няма чаго мераць», – гаворыць Лідзія Раманоўская.

Службовае расследаванне правялі толькі праз 2 месяцы. Пад выніковым дакументам не было ні нумара, ні даты. Вячаслаў Раманоўскі:

«Адміністрацыя заводу прыклала ўсе намаганні, каб схаваць гэта. Не хацела агалоскі, нічога. Схавала, вось усё, схавала. Для іх закон Рэспублікі Беларусь не існуе».

Павел працягваў працаваць на заводзе, але часта быў шпіталізаваны. Праз гэта яго і звольнілі з працы – напрыканцы 2014 года. Праз два гады, ва ўзросце сарака гадоў, памёр. Сяргей Антусевіч, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Тое, што не было расследавана, тое, што вось чалавек на працоўным месцы атрымаў гэтае атручванне – натуральна, што ўсё гэта вынікі таго, што не была арганізаваная праца такім чынам, каб чалавек прыйшоў на працу і з яе сышоў здаровым».

У канчатковым акце расследавання, якое правёў Мазырскі НПЗ, напісана, што прычынаю смерці Паўла Раманоўскага медыкі назвалі ішэмічную хваробу сэрца. Прадпрыемства заяўляе, што пагаршэнне стану здароўя працаўніка не звязанае з ягонаю прафесійнаю дзейнасцю.

«Заўсёды трэба даходзіць да канца, у той ці іншай сітуацыі. У тым ліку і праз суды», – заклікае Леанід Судаленка, прававы інспектар прафсаюзу РЭП.

У Мазырскім раённым судзе Раманоўскія не здолелі дамагчыся прызнання траўмы вытворчаю. Таму звярнуліся ў Гомельскі абласны суд – адтуль справу накіравалі на новы разгляд у Мазыр. Лідзія Раманоўская, маці памерлага:

«Я яму за два дні да смерці паабяцала, падчас пахавання я яму неаднаразова казала, што я ўсе сілы складу, усё прыкладу, каб гэта ўсё стала ісцінай».

Першае паседжанне ў справе адбылося ўчора, працяг працэсу – 12-га лютага.

Ганна Мордань, belsat.eu