Заўтра адбудзецца акцыя пратэсту на Кастрычніцкай плошчы


У Менску закончыліся апошнія рыхтаванні да афіцыйных урачыстасцяў з нагоды Дня незалежнасці. Выйсці на вуліцы ў чырвоны дзень календара заклікае і палітык Мікола Статкевіч. Праз вулічную актыўнасць прыхільнікаў пераменаў ён мае намер схіліць улады да дыялогу і правядзення свабодных выбараў у краіне.

«Акцыя вельмі патрэбная, таму што калі перастанем на іх ціснуць, яны зноўку прыдумаюць новыя падаткі і г.д. Мы ўжо дамагліся вызвалення арыштаваных па «справе патрыётаў», – кажа Мікола Статкевіч.

Акцыя Статкевіча запланаваная заўтра на 14-ю гадзіну на Кастрычніцкай плошчы. Палітык плануе а 13-й выйсці з дому разам з журналістамі, асцерагаючыся прывентыўнага арышту, як было перад заяўленымі ім акцыямі на 25-га сакавіка і 1-га траўня.

«Калі плошча будзе закрыта, нават не ведаючы пра гэта, я рэкамендую ўсім, заклікаю рухацца да Кастрычніцкай плошчы з захаду па праспекту Незалежнасці, з боку ГУМу і Цэнтральнага», – адзначае палітык.

Вялікай інфармацыйнай кампаніі напярэдадні акцыі не было, і меркаванні менчукоў адносна таго, ці варта апазіцыі праводзіць акцыю ў Дзень незалежнасці, падзяліліся.

Жыхары Менску кажуць:

«Людзі павінныя выказваць сваё меркаванне, але паглядзіце на Украіну, гэта да лепшага не прывядзе».

«Выказваць сваё меркаванне гэта заўсёды добра і ёсць супраць чаго пратэставаць».

«Трэба, каб альтэрнатыва была, каб быў нейкі выбар».

Акцыя 3-га ліпеня стане завяршальнай у палітычным календары гэтага паўгоддзя. Паводле назіральнікаў, вулічная актыўнасць адновіцца толькі ўвосень, калі закончыцца сезон адпачынкаў. Што ж да заўтрашніх падзеяў, наш тэлеканал з 13 гадзіны распачне адмысловае дзвюхгадзіннае інфармацыйнае выданне, каб у жывым эфіры сачыць за падзеямі ў сталіцы.