Затрымалі чатырох гульцоў ХК «Юнацтва-Менск». Паводле МУС, яны датычныя да спажывання наркотыкаў


«В хоккей играют настоящие мужчины!» – кажуць нам класічныя ўжо радкі. А баязлівец, як вядома, клюшкі ў рукі не возьме. У песні Дабранравава пра наркотыкі, якімі часам дапамагаюць сабе некаторыя хакеісты, натуральна, ні слова. Зусім інакш заспявала будучыня айчыннага хакею, калі трапілася на патруль наркакантролю.

Чатырох гульцоў моладзевай каманды хакейнага «Юнацтва-Менск» цяпер падазраюць у незаконным абароце наркотыкаў. Паводле прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў, злоўленыя з гашышам і гэтак званым «насваем» маладзёны – магчыма, не адзінкавы выпадак. Цяпер падазраваным пагражае да 8 гадоў зняволення.

Сяргей Южык, журналіст, «Прессбол»:

«Гэта кажа аб непрафесійнасці нашай лігі па вялікім рахунку. Вы паглядзіце на ЗША, Канаду – там маладыя хакеісты не атрымліваюць наяўных грошай. Ім забяспечваюць пансіён, трэнаванні, аплочваюць навучанне ва ўніверсітэце. Але на рукі яны амаль нічога не атрымліваюць. Толькі калі ты трапіш у НХЛ, АХЛ, падпішаш кантракт, тады атрымаеш грошы».

Некаторыя спартоўцы карыстаюцца наркатычнымі сродкамі кшталту гашышу і марыхуаны для паслаблення пасля стрэсавых перыядаў і вялікіх нагрузак на спаборніцтвах. На пэўных адцінках часу гэта можа дапамагаць справіцца з павышаным ціскам на арганізм. У той жа момант за спажыванне гэтых рэчываў спартовыя федэрацыі па ўсім свеце прадугледжваюць дыскваліфікацыю.

Яўген Кукса, доктар-масажыст НФК «Крумкачы»:

«У агульнасаматычным уздзеянні на арганізм нічога, апроч супакаяльнага ўздзеяння, яны не нясуць. Але пры гэтым забіраюць вельмі шмат, насамрэч… Уздзеянне канабіёідаў – гэта парушэнне рухавых рэакцыяў, што ў спорце самае важнае. Гэта парушэнне рэакцыі».

Чаму некаторыя маладыя спартоўцы не даюць рады без наркотыкаў, мы запыталі ў сталічных мінакоў:

«Ад дурасці. Не стае розуму, напэўна. Выхавання, увагі бацькоў у дзяцінстве».

«Тое, што іх спалілі, значыць, што напэўна яны камусьці перашкаджалі».

«Я думаю, што, можа, для іх тая гульня і не вельмі важная. Бог яго ведае».

«Проста нашыя спартоўцы не могуць нармальна гуляць, дык яны ідуць нейкімі незаконнымі шляхамі».

І хоць вышэйшае кіраўніцтва краіны надае вялікую ўвагу развіццю хакею, падобныя захады дасягнення вынікаў, мякка кажучы, не вітаюцца. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Фармакалогія, хімія ды іншае. З намёкам на допінг. Вунь сала – гэта самы лепшы беларускі допінг!»

Паводле адмыслоўцаў, заробкі ў хакеістаў моладзевых складаў камандаў беларукага чэмпіянату могуць быць у раёне 300 долараў. Не такая і вялікая сума, але для маладзёнаў і яна можа стаць спакусаю, каб парушаць спартовы рэжым. Яўген Кукса, доктар-масажыст НФК «Крумкачы»:

«Марыхуана і гашыш – гэта наркотыкі лузераў, як ні смешна. Гэта наркотыкі сацыяльна малаактыўных людзей… Марыхуана – гэта паслабляльны сродак, які кажа табе, што нічога рабіць не трэба, нікуды ісці не трэба, у прынцыпе, жыццё і так у кайф».

«Гэта расхалоджвае. Гэта і прыводзіць да таго, што грошы «ніадкуль бяруцца», яны іх не зарабляюць, яны іх атрымліваюць. Таму нехта імкнецца стварыць кар’еру, той едзе ў ЗША. А нехта спыняецца на гэтым узроўні, і ім і так зручна», – кажа Сяргей Южык, журналіст, «Прессбол».

І пакуль на такім узроўні спынілася, між іншага, і сталічнае «Дынама» у Кантынентальнай хакейнай лізе, і нацыянальная зборная, што летась пакінула вышэйшы дывізіён.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu