Застанемся без ягад і грыбоў?


Паважаныя грыбнікі! Сёлета навукоўцы вас расчаруюць: вялікага ўраджаю чакаць не варта. Віною ўсяму – засуха, якая стаяла ў Беларусі працяглы час. Што праўда, у ліпені нарэшце пайшлі дажджы, аднак ці ўратуюць яны сітуацыю?

«Гэтыя дажджы нейкія эпізадычныя. Яго няма, потым пойдзе, потым зноў няма, няма, няма, потым зноў пойдзе. У нас у некаторых вёсках на пачатку лета – напрыканцы вясны па паўтара месяца не было дажджу. А потым ён лінуў і ўсё заліў. І потым зноў перастаў. А грыбам патрэбная паступовая вільгаць і добрая тэмпература», – кажа Уладзімір Буцькавец, навуковы супрацоўнік інстытуту лесу.

І раз мы ўжо прыехалі ў адзін з лясоў пад Лагойскам, давайце паспрабуем пашукаць, што можна знайсці. І амаль адразу натыкаемся на кусты чарніцаў, аднак ягадаў няма… Амаль за гадзіну, праведзеную ў лесе, «Белсат» не сустрэў ані грыбоў, ані грыбнікоў. Можа, нам проста не пашанцавала? Вяртаемся ў горад!

І каб спраўдзіць, ці сапраўды існуе дэфіцыт ягадаў і грыбоў, мы адправіліся на сталічную Камароўку. Ну што, ідзем?

«Лісічкі, кіло – 12, вось гэта – 4 за літр».

«Дорага».

«Гэта не дорага».

«А ўвогуле людзі бяруць?»

«Бяруць, канечне».

«Мне як пенсіянерцы проста нерэальна дорага. Хаджу па рынку як па выставачнай зале. Толькі гляджу».

«Засушыла так добра ў чэрвені. Трэба час, каб прамачыла грыбніцу. Таму белых грыбоў пакуль няма, толькі лісічкі», кажа Ларыса, прадавачка.

Такія кошты і такія меркаванні. А цяпер давайце завітаем на стыхійны рынак.

«Мінулым разам я па сваіх старых грыбніцах прайшоўся і назбіраў літраў 10. А гэтым разам усяго тры літры», – прызнаецца Віктар, грыбнік.

«Той, хто шукае, той заўсёды знойдзе. Чарніцы – два пяцьдзясят. Лісічкі 5».

Такім чынам, калі вы не хочаце набываць ягады ці грыбы па 5, 10 ці 15 рублёў, варта пачакаць яшчэ некалькі тыдняў, каб сабраць іх уласнаручна. Што праўда, варта адзначыць, што сезон некаторыя ягадаў, такіх, як чарніцы, паступова адыходзіць, а вось тыя ж свежыя лісічкі можна пакаштаваць яшчэ ў жніўні ды нават у верасні.

Віталь Бабін belsat.eu