Інфармацыйная вайна Крамля супраць Аляксандра Лукашэнкі і беларускай дзяржавы ў розныя часы прымала новыя формы. На думку назіральнікаў, не стаў выключэннем і мінулы год. Пра тое, што Беларусь не можа быць самастойнаю, а яе мова і культура сумнеўныя, можна было пачуць з розных расейскіх крыніцаў, у тым ліку і ад былых працаўнікоў расейскай выведкі ды чыноўнікаў, набліжаных да Уладзіміра Пуціна.
«Адцягнутыя праблемамі Сірыі, Украіны, прыходам да ўлады Трампа, мы забываем пра Беларусь. А нельга забываць. Гэта гістарычная частка вялікай Расеі», – даводзіў Леанід Рашэтнікаў з Расейскага Інстытуту Стратэгічных Даследаванняў.
Вельмі імаверна, што гісторыя атрымала свой працяг і з пачаткам новага года. У некаторыя рэдакцыі незалежных медыяў пачалі прыходзіць падазроныя запрашэнні. Адная з тых, хто атрымаў ліст, – галоўная рэдактарка «Хартыі 97» Наталля Радзіна. У тэксце паведамляецца…
«Добры дзень, Наталля! Я прадзюсар праграмы «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым» на тэлеканале «Расея». 11 студзеня мы плануем эфір пра Беларусь ды хочам запрасіць Вас узяць удзел. Тэма перадачы: «Хто зменіць Лукашэнку?» Гаворка пойдзе пра палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі, вонкавую палітыку Рэспублікі».
Як паведамілі пазней некаторыя медыі, запрашэнні аказаліся фэйкавымі, а паданы ў тэксце тэлефон не належыць прадзюсару. Сам Салаўёў заявіў, што такая праграма ўвогуле не рыхтуецца.
«У кожным выпадку, гэта нейкія гульні спецслужбаў Расеі і Беларусі супраць Лукашэнкі. Цяпер ідзе працэс замены Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта. Наяўнасць такой інфармацыі не выклікае здзіўленне, бо гэта арганічна ўпісалася б у агульную карціну», – упэўненая Наталля Радзіна.
Тое, што паміж Менскам і Масквою пачаўся новы этап канфлікту, адчувальна цягам апошніх тыдняў. Незадоўга да новага года Лукашэнка адмовіўся прыехаць на саміт Еўразійскага эканамічнага саюзу. Некаторыя медыі не выключалі, што кіраўнік Беларусі застаўся ў краіне, бо, імаверна, баіцца дзяржаўнага перавароту. А незадоўга да гэтага стала вядома пра значнае скарачэнні паставак расейскай нафты ў Беларусь.
«Лукашэнка выкарыстаў сродкі не згодна з прызначэннем. Называецца сума каля ста мільярдаў долараў. Гэтыя грошы былі змарнаваныя рэжымам Лукашэнкі. Але цяпер галоўнае не гэта. Цяпер галоўнае, каб беларусы ўключаліся ў сітуацыю бо не Расея мусіць пасадзіць нам чарговую марыянетку, а мы самыя мусім выбраць на свабодных выбарах свайго прэзідэнта», – тлумачыць спадарыня Радзіна.
«Калі Масква на сёння праводзіць шавінісцкую палітыку ў дачыненні да сваіх суседзяў, пакуль яна мае рэсурсы для гэтай палітыкі, у Беларусі, у любым выпадку, з Лукашэнкам ці без чакаюцца сумныя перспектывы», – мяркуе журналіст Віталь Цыганкоў.
Адзін з прыкладаў – суседняя Украіна. Анексія Крыму адбылася цягам няпоўнага месяца. Пасля пачалася вайна на Данбасе.
Ян Бабіцкі, «Белсат»