Замест сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін увёў новыя санкцыі


Блакуюць цэлымі вобласцямі і галінамі вытворчасці. «Рассельгаснагляд» плануе яшчэ больш актыўна накладаць санкцыі на беларускія харчы. Кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт даў інтэрвʼю расейскаму выданню «Известия». Паводле яго, пастаўкі кантрабанды ў Расею зацвярджаюць высокапастаўленыя ветэрынарныя лекары ў нашай краіне. Кантрабанда ці не, але Беларусь ад актыўнасці «Рассельгаснагляду» церпіць мільённыя страты.

«Сапляк! Яго прэмʼер-міністр запрашае ва ўрад… А ён сеў, нага за нагу: ня будзе гэта!», – гэтак у 2013-м Аляксандр Лукашэнка апісваў дзелавыя разыходжанні з затрыманым пазней партнёрам у калійным бізнесе – гендырэктарам расейскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіславам Баўмгертнерам.

Як распавёў сёння кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт, інспектары ягонага ведамства цяпер баяцца ездзіць у Беларусь, асцерагаючыся, што харчовыя пытанні будуць развязвацца гэткім жа чынам як і ў выпадку Баўмгертнера.

«Калі кіраўнік дзяржавы робіць такія заявы, то што могуць зрабіць з простым інспектарам? Потым даводзь, што ты не згвалціў некага ў гатэлі і не прывёз паўтоны марыхуаны з сабой. Як гэта давесці ў чужой дзяржаве?», – даводзіць спадар Данкверт.

Нягледзячы на помсту праблему «Уралкалія» развязаць не ўдалося

Супрацы з Менскам у кантролі над коштамі ўгнаенняў расейцы дагэтуль не аднавілі. Гэтак жа цяпер і на харчовым фронце. Нягледзячы на крымінальную справу, заведзеную супраць яго беларускімі следчымі ў гэтым месяцы за незаконныя, на іхную думку перашкоды беларускаму экспарту, кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт настроены рашуча.

«Мы цяпер закрылі Менскую вобласць для таго, каб беларускі бок разабраўся і зрабіў захады. Але ніякіх захадаў не робіцца. І я не выключаю, што ўслед за Менскай вобласцю мы закрыем пастаўкі яшчэ з якой-небудзь, дзе выявім кантрафакт ці кантрабанду», – пагражае публічны апанент Лукашэнкі.

Паводле Данкверта, прастора для далейшых санкцыяў – вялізная

На ягоную думку, расейскія інспектары адлоўліваюць не больш за 10 % ад харчовай кантрабанды, якая паступае туды з Беларусі. У адмысловым спрыянні кантрабандыстам кіраўнік «Расельгаснагляду» звінаваціў персанальна галоўнага ветэрынарнага доктара Менскай вобласці. Незалежныя адмыслоўцы адзначаюць, што пэўная праўда ў ягоных словах можа быць, бо экспарт беларускіх харчоў – збольшага – стратны, а продаж кантрабандных, у некаторых пазіцыях, не менш прыбытковы, чым гандаль нафтапрадуктамі.

Наколькі апраўданымі б ні былі дзеянні «Рассельгаснагляду», але страты ад іх для беларускага экспарту налічваюць дзясяткі мільёнаў долараў.

Згодна з падлікамі знанага блогера Віктара Малішэўскага, летась экспарт беларускіх яблыкаў, у натуральных абʼёмах абваліўся ў пяць разоў, айчынных ківі і персікаў – на траціну, кавуноў – у шэсць разоў, папаі ды ананасаў – у трыццаць разоў.

Цяпер у прыцэле Сяргея Данкверта – беларускае малако. Ён мяркуе, што Беларусь экспартуе ў Расею больш гэтай прадукцыі, чым рэальна вырабляе сама. А намеры Менску дыверсіфікаваць гэты экспарт ён назваў блефам. З ягоных словаў, Беларусь пастаўляе ў Расею ў тысячу разоў больш малака, чым ва ўсе астатнія краіны разам узятыя. Гэта – перабольшанне – насамрэч не ў тысячу, а ў 60 разоў. Але доля дыверсіфікацыі, сапраўды – у раёне статыстычнай памылкі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: RIA Novosti / Reuters / Forum