Замест дзяржаўнага ТВ беларусы глядзяць блогераў


Гледачы цэняць нас за шчырасць, кажуць аўтары відэаблогаў.

Незалежнае тэлебачанне ды інфармацыйная бяспека. Гэта перадусім трэба нашай краіне, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў. Блогеры і медыяэксперты, журналісты і рэдактары сабраліся разам у Гомлі, каб абмеркаваць стан медыяў у нашай краіне ды прапанаваць свае ідэі для развязання існых праблемаў.

«Гіпнажаба ў замбаскрыні» як сімвал дзяржаўнай прапаганды, што авалодвае розумамі тых, хто не мае доступу да незалежнай інфармацыі. Як адарваць ад яе позірк? Пэўным адказам стала назва імправізаванага ток-шоу, якое прайшло ў Гомлі – «Патрэба ў незалежным ТБ ды інфармацыйнай бяспецы».

«Тыя, што цікавяцца фактамі, што маюць імкненне расказваць незалежную інфармацыю або даюць дакладна палітычны кантэнт, у тых ёсць пэўныя праблемы. І тут можна казаць, што тэлеканал «Белсат» лідаруе сярод тых, каго штрафуюць», – заўважыў падчас сустрэчы медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Патрэбе ў незалежным тэлебачанні абавязкова будуць спадарожнічаць праблемы. І гэта не толькі ціск з боку ўладаў, але і пэўная адсутнасць попыту.

«Людзі не вельмі цікавяцца сёння палітычнымі навінамі, а незалежнае тэлебачанне – гэта найперш пра палітычныя і сацыяльныя праблемы. А з другога боку – няма і вялікага патрабавання для існавання якасных СМІ, якія б людзі хацелі ўтрымліваць у тым ліку за свой кошт», – дадае Быкоўскі.

Ствараць жа попыт на інфармацыю дапамагаюць блогеры. Можа, не ўсе з іх пакуль дыктуюць інфармацыйны парадак дня, але вострасацыяльныя тэмы, якія яны ўздымаюць, бясспрэчна хвалююць грамадства. Не проста быць папулярным, але і дапамагаць людзям. Усё часцей блогеры ствараюць не толькі забаўляльны, але і інфармацыйны кантэнт, паведамляюць аб праблемах ды заклікаюць да супольнага іх вырашэння.

Людзі, у сваю чаргу, заўжды гатовыя дапамагчы блогеру – прычым як патрэбнай інфармацыяй, гэтак і рублём. А таму блогінг ды палітычны актывізм становіцца ўсё цяжэй адрозніць у сённяшнім грамадстве. Андрэй Павук, да прыкладу, і актывіст, і відэаблогер, і прадзюсар, і нават музыка.

«Мы не павінныя нікому даваць справаздачу за тое, што мы зрабілі. Не апраўдваемся ні перад кім, няма начальнікаў і кіраўнікоў. Блогінг – гэта свабода, палёт, таму я б хацеў, каб больш людзей падключалася да такога цікавага занятку, як блогерства», – кажа Павук, аўтар блогу «Рудабельская паказуха».

Рабіце тое, што вам падабаецца, ды не паддавайцеся спробам дзяржавы зрабіць вас аднолькавымі, раіць Андрэй Павук. Людзі шчырасць цэняць: паводле ўдзельнікаў імпрэзы, у беларусаў значна вырас інтарэс да крыніцаў інфармацыі ў сеціве. А вось традыцыйнае тэлебачанне пераважна старэе – як і ягоныя гледачы.

Сцяпан Святлоў «Белсат»