Закалоты ў ЗША

75 гарадоў ЗША ахопленыя пратэставым агнём. Закалоты праз забойства паліцыянтамі афраамерыканца, не сціхаюць ужо тыдзень. Прэзідэнт Доналд Трамп нават мусіў спусціцца на некаторы час у бункер, пацярпеў і помнік Тадэвушу Касцюшку.

Больш за чатыры тысячы затрыманых у ЗША падчас закалотаў. Гэткія звесткі падае Associated Press. І больш за 10 загінулых. Дэманстрацыі пачаліся 26 траўня ў Мінэапалісе. Прычынаю сталася смерць афраамерыканца Джорджа Флойда. Ён памёр пасля таго, як падчас затрымання паліцыянт прыціскаў ягоную шыю каленам больш за восем хвілінаў.

Паліцыянт, які затрымліваў Флойда, пад вартаю. Аднак пратэстоўцы надалей патрабуюць справядлівасці і празрыстага расследавання здарэння. Удзельнікі пратэстаў:

«Мы пратэстуем дзеля памяці пра Джорджа Флойда. Калі мы не падамо свайго голасу – гэта будзе працягвацца зноў і зноў, людзі будуць расчараваныя».

«Вельмі важна, што я тут. Я тут праз вялікую несправядлівасць, якая адбываецца навокал. Паліцыя забівае нявінных чорных людзей без усялякай прычыны. Калі мы нічога не зробім, то гэта будзе працягвацца».

Абрабаваныя крамы, падпаленыя аўты і будынкі. Шмат дзе пратэсты перарастаюць у марадзёрства і пагромы.
Губернатары Тэхасу і Вірджыніі ўвялі надзвычайнае становішча. На дапамогу паліцыі выклікалі Нацыянальную гвардыю.

Паводле Доналда Трампа, большая частка адказнасці за гвалт ляжыць на радыкальных левых групоўках. Прэзідэнт ЗША заявіў, што рух «Антыфа» трэба ўлучыць у спіс тэрарыстычных.

Эдуард Жолуд, «Белсат»

Глядзі таксама