Захад абураны рэпрэсіямі ў Беларусі


Жорсткія паводзіны ўладаў Беларусі не засталіся без увагі ў свеце. Міжнародныя арганізацыі абураныя арыштамі і штрафамі ўдзельнікаў пікетаў патэнцыйных кандыдатаў, чэргі да якіх карацейшымі не становяцца. Але што далей?

Сабралі сто тысячаў подпісаў, цяпер сабярэм мільён – заявіў у Берасці Віктар Бабарыка. Шмат хто з ягоных прыхільнікаў падтрымаў і іншыя альтэрнатывы Лукашэнку.

«Я падпісаўся за ўсіх кандыдатаў, якія супраць аднаго».

«Не важна нават прозвішча кандыдата – Бабарыка гэта, ці нехта іншы, а важна тое, што подпісамі за гэтых кандыдатаў людзі выносяць вотум недаверу Лукашэнку».

«Хочацца пераменаў у нашай краіне», – прызнаюцца прыхільнікі бізнесоўца.

Гэтак актыўна за альтэрнатыву Лукашэнку ў Гомлі не падпісваліся ніколі – кажуць тыя, хто прыйшоў падтрымаць Святлану Ціханоўскую. Яе муж і трое сябраў ініцыятыўнай групы застаюцца пад вартай пасля правакацыі, якую міліцыянты ўчынілі ў Горадні. Яшчэ васьмярых чальцоў яе каманды пакаралі адміністратыўным арыштам.

«Мне проста страшна становіцца ад таго, што адбываецца ў Беларусі, і якія метады прымаюць супраць звычайных грамадзянаў».

«Знявагі гэтыя ўсе, непавага да народу!»

«Пабачыце – ён не аддасць трона без крыві!», – абураюцца прыхільнікі Святланы Ціханоўскай.

Пра сваё ўчорашняе затрыманне ў Гомлі распавёў кандыдат пратэсту Уладзімір Няпомняшчых. Актывіста пратрымалі ў пастарунку тры гадзіны, але пратаколу не склалі. Следчых цікавіла зусім не ягоная выбарчая кампанія.

«Пачаліся пытанні наконт Сяргея Ціханоўскага: дзе я з ім пазнаёміўся, хто яшчэ з ім знаёмы, адкуль ён бярэ грошы, ці плаціў ён мне», – паведаміў патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва.

За травень улады Беларусі пакаралі арыштам і аштрафавалі 195 чалавек – заявіла экспертная група ААН. Падставай для кары стаў удзел у перадвыбарчых сходах і выказванне свайго меркавання наконт эпідэміі каронавіруса.

«Мы назіраем абмежаванне асноўных грамадзянскіх правоў у перыяд выбараў. […] Я спадзяюся, што міжнародная супольнасць будзе пільна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі», – пракаментавала спецдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Не толькі эксперты ААН абураюцца хваляй затрыманняў грамадскіх актывістаў, якая пракацілася па Беларусі. Каля двухсот чалавек, пераважна беларусаў, сабраліся пад амбасадай Беларусі ў Варшаве. Сімвалам пратэстаў, як і ўдома, стала чарга.

Затрыманні ўдзельнікаў выбарчых сходаў тыдзень таму асудзіў Еўрапейскі парламент. Калі рэпрэсіі працягнуцца, еўрадэпутаты заклічуць да ўвядзення санкцыяў супраць Менску.

«Мы чакаем, што ўлады Беларусі спыняць рэпрэсіі супраць апазіцыі, будуць шанаваць правы чалавека, прынцыпы дэмакратыі ды прававой дзяржавы. Мы заклікаем падтрымаць грамадзянскую супольнасць. Мне прыкра, што цяперашняя супраца з уладамі Беларусі можа быць знішчаная неабачлівымі дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі», – заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту ў сувязях з Беларуссю Робэрт Бедрань.

Блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ дзевяцярым затрыманым у Горадні абвінавачанні прад’явяць у панядзелак. На збор подпісаў у патэнцыйных кандыдатаў застаецца два тыдні.

Аляксандр Папко, «Белсат»