Загад Лукашэнкі можа памагчы віцебскім дольнікам


Удзельнікі долевага будаўніцтва 83-кватэрнага дому на вуліцы Працы, 4 у Віцебску паўгода змагаюцца за якасць і кошт атрыманых кватэраў. Пасля здачы дому дольнікі выставілі 140 прэтэнзіяў да забудоўніка. Яны лічаць, што пры такой колькасці заўвагаў ім мусяць пайсці насустрач і зрабіць зніжкі.

«Калі з якасцю нешта не так, заўжды ідуць насустрач зніжэннем цаны. У нашым доме прынцыпова такога няма. Таму што такой цаны за квадратны метр пры такой якасці яшчэ не было. Гэта нейкі нонсэнс робіцца», – сцвярджае дольнік Дзмітрый.

Амаль 1470 рублёў за квадратны метр. Паводле віцебскіх мерак – багата. А вось якасць – неадпаведная.

«Там наагул балота, балота. Я, канечне, прыбрала цвіль, прыбрала ўсё, я пакажу фатаграфіі, з кухні заднюю сценку абламала, шпалеры ўсе паабрывала, палова ёсць шпалераў, а паловы няма. Вільгаць стаіць такая, што невыносна, я ўнука сюды прывесці не магу…» – гаворыць жыхарка дому на вуліцы Працы, 4.

Сітуацыю з балотам і нізкай якасцю можна было залагодзіць зніжкамі. Але забудоўнік – Упраўленне капітальнага будаўніцтва гораду Віцебску – знізіў цану толькі на тры кватэры. І дольнікі мяркуюць, што УКБ «кропкавымі» зніжкамі парушыла сёмы пункт 263-га загаду кіраўніка краіны.

Загад прэзідэнта № 263 (П. 7):

«Забудоўнік мае права ў працэсе будаўніцтва знізіць за кошт змяншэння памеру прыбытку цану аб’екта долевага будаўніцтва для ЎСІХ дольнікаў або для ЎСІХ дольнікаў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, або для ЎСІХ дольнікаў, якія не стаяць на ўліку…»

Яшчэ сёлета ў ліпені жыхары звярнуліся ў Міністэрства архітэктуры. Адтуль паведамілі, што падтрымліваюць гэтую норму. І ўдакладнілі, што яна была прынятая з прапановы КДБ – каб зменшыць карупцыйныя рызыкі. Але забудоўніка і гэта не пераканала.

«Мы зноў звярнуліся ва УКБ з гэтым лістом, але нам адказалі, што на дадзены момант ім ніводным з органаў не выдадзены наказ аб тым, што яны павінны зрабіць зніжэнне цэнаў. Адпаведна, рабіць зніжэння цэнаў не збіраюцца», – расказвае дольніца Юлія.

Але чаму? Запыталіся па тэлефоне ў дырэктара УКБ гораду Віцебску Міхаіла Мяшко:

«Дом здадзены ў эксплуатацыю, нашы дамоўныя дачыненні з людзьмі закончыліся, яны ўжо жывуць там». – «Наконт указу, што калі вы зніжаеце на адну, то павінны зніжацца і на…» – «Нічога там не парушаем». – «А патлумачце…» – «Не патлумачу, выбачайце, не патлумачу», – адказаў Міхаіл Мяшко.

Між тым, праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што дагаворныя дачыненні тут ні пры чым:

«Дамоўныя закончыліся – крымінальныя могуць пачацца. Таму што тут праглядаецца факт карупцыі. Я мяркую, што – смех смехам, – але жыхарам неабходна звярнуцца ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, з чыёй прапановы і быў прыняты дакумент», – раіць праваабаронца.

Да КДБ дольнікі пакуль не дайшлі. Але ўжо накіравалі зварот у абласную пракуратуру.

Зміцер Казакевіч belsat.eu