Забойства Дзяніса Вараненкава ў Кіеве – помста Крамля?


Чатырма кулямі з пісталета ТТ у цэнтры Кіева забілі былога дэпутата Дзярждумы Расеі Дзяніса Вараненкава. Разам з ахоўнікам ён выходзіў з гатэлю «Прэм’ер Палас». Паводле папярэдніх звестак, кілер падышоў да Вараненкава, штосьці ў яго спытаў і затым адкрыў агонь.

«У выніку перастрэлкі адзін чалавек загінуў, а ягоны ахоўнік і кілер былі параненыя. Яны ў шпіталях, дзе ім аказваюць дапамогу», – паведамілі ў галоўным упраўленні Нацыянальнай паліцыі Кіева.

Праз некалькі гадзінаў кілер памёр.

Пракуратура заяўляе: усе версіі забойства – расейскі след

Генеральны пракурор Украіны Юры Луцэнка падчас брыфінгу заявіў, што ў следства ёсць дзве версіі забойства: ліквідацыя Варанянкова як сведкі ў спрае аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча, а таксама дзейнасць экс-дэпутата ў выкрыцці кантрабанды ФСБ Расеі. Улады Украіны таксама падкрэсліваюць расейскі след у забойстве экс-дэпутата.

«Падступнае забойства ў цэнтры Кіева Дзяніса Вараненкава – гэта акт дзяржаўнага тэрарызму з боку Расеі, якую ён быў вымушаны пакінуць праз палітычныя матывы. Відавочны почырк расейскіх спецслужбаў раней неаднаразова выяўляўся ў розных еўрапейскіх сталіцах», – заявіў прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Расея: Гэта не мы

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што «абвінавачанні ў слынным расейскім следзе абсурдныя». Партыя «Адзіная Расея», у сваю чаргу, назвала смерць Вараненкава «ўнутранаю справай Украіны», а дэпутаты Савету Федэрацыі – «правакацыяй СБУ».

3-га сакавіка Басманны суд Масквы завочна арыштаваў Вараненкава паводле абвінавачання ў махлярстве і фальсіфікацыі дакументаў. Яго абвесцілі ў міжнародны вышук.

Забіты экс-дэпутат баяўся за сваё жыццё

Сёння зранку Дзяніс Вараненкаў кіраваўся да іншага расейскага экс-дэпутата – Іллі Панамарова, які таксама жыве ў Кіеве.

«Версія відавочная – я казаў, што Вараненкаў не жулік, а следчы, смяротна небяспечны для расейскіх сілавікоў», – зазначыў Ілля Панамароў.

Як паведаміў Панамароў у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь», Вараненкаў збіраўся запускаць ва Украіне «Цэнтр расследаванняў у адмыванні грошай расейскімі спецслужбамі» і «баяўся за сваё жыццё». Ахову Панамарова ўзмацнілі пасля таго, што адбылося.

«Белсат», фота: Sergii Kharchenko / Zuma Press / Forum