За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?


Пратэсты супраць гэтак званага дэкрэту аб дармаедах, што летась прайшлі па ўсёй краіне, не засталіся без увагі не толькі ўладаў ды сілавікоў. «Рэгіянальнаю падзеяй года» Асамблея няўрадавых арганізацыяў адзначыла менавіта аршанскую акцыю супраць дэкрэту № 3. Уручыць дыплом кожнаму ахвотнаму ўдзельніку тых падзеяў у сваю чаргу вырашылі на сходзе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў.

У сакавіку 2017-га на цэнтральную плошчу Воршы выйшла каля 1000 грамадзянаў, абураных увядзеннем падатку на беспрацоўе. Акцыя сталася бадай самаю масавай у горадзе з 1991 года, калі працаўнікі аршанскіх прадпрыемстваў на знак пратэсту супраць малых заробкаў і падвышэння коштаў зладзілі блакаду чыгункі.

Замест развязання сацыяльнай праблемы ўлады абралі рэпрэсіі

Цяпер дэкрэт часова прыпынілі, некаторым вярнулі сплачаны падатак. Аднак на агульную сітуацыю гэта не паўплывала.

Раней развіццём Аршанскага раёну зацікавіўся кіраўнік краіны. Ідэю падняць раён, цытата, «з руіны і попелу» ён агучыў падчас выступу з штогадовым пасланнем парламенту і беларускаму народу, пазней жа – падпісаў адпаведнае распараджэнне. Тройчы цягам года Лукашэнка мяняў кіраўнікоў Аршанскага раёну. Немалыя грошы ўкладаліся і ў мадэрнізацыю мясцовых прадпрыемстваў.

А вынік?

«Частка прадпрыемстваў на каленях, працуюць не на поўную магутнасць, хаця раён на кантролі ў кіраўніка краіны, у эканоміку раёну ўкладзены вялікія грошы, яны пакуль не асвойваюцца», – канстатуе прафсаюзны актывіст Віктар Гурын.

Кіраўнік краіны паставіў задачу цягам паўтара года аднавіць прадпрыемствы ў горадзе ды развязаць праблемы ў рэгіёне. Аднак пакуль, паводле мясцовых жыхароў, паляпшэнне жыцця па загадзе не працуе. За ўзор мадэрнізацыі ўзялі Аршанскі інструментальны завод, які два гады таму абвесціў сябе банкрутам. Паводле працаўнікоў, за гэты час не палепшыўся на прадпрыемстве ані стан цэхаў, ані ўзровень заробкаў.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: blogs.informator.news