За што Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-цэнтру?


Рада Беларускага ПЭН-цэнтру – аб’яднання пісьменнікаў, эсэістаў і навелістаў – зноўку выключыла з шэрагаў арганізацыі Паўла Севярынца, пісьменніка, вядомага палітычнай дзейнасцю насуперак рэпрэсіям уладаў. Выключылі за парушэнне статуту. Севярынец аднаўляў сяброўства ў ПЭН-цэнтры літаральна ў гэтую суботу.

Справа атрымала скандальнае адценне з узаемнымі абвінавачаннямі.

Паўла Севярынца выключылі з ПЭН-цэнтру ў студзені – за шматгадовую і дэманстратыўную нявыплату складак у арганізацыі – 28 рублёў на год. У суботу на агульным зʼездзе ПЭН-цэнтру пасля кампенсацыі нявыплатаў – аднавілі. А сёння Рада абʼяднання творцаў пасля доўгіх і эмацыйных спрэчак выключыла яго зноўку, але з іншай прычыны.

«Погляды Паўла, якія ён выказвае пісьмова і вусна, несумяшчальныя з сяброўствам у беларускім ПЭН-цэнтры. Выключылі яго за парушэнне Статуту, дакладная фармулёўка будзе заўтра на сайце ПЭНа», – паведаміла першая намесніца старшыні ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай.

Севярынец лічыць выключэнне пераследам за рэлігійныя перакананні і падкрэслівае, што пацярпеў цытата «ад агрэсіі і нянавісці з боку бальшавікоў» у Дзень расстраляных паэтаў.

«У ПЭНе існуе агрэсіўная антыхрысціянская меншасць. Для гэтых людзей непрымальны, нецярпімы хрысціянскі погляд на свет», – заявіў лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

Свае абвінавачанні кіраўніцтва ПЭН-цэнтру Севярынец сфармуляваў у адкрытым лісце «Культурны марксізм і яго камісары», апублікаваным перад зʼездам. Палітык заявіў, што ў абʼяднанні творцаў атабарыліся «культурныя марксісты», там дзейнічае прапаганда ЛГБТ і роўнасці вычварэнняў, а хрысціянаў пераследуюць. Гэта ж ён выказаў і на зʼедзе арганізацыі.

Таццяна Нядбай нагадвае, што абавязак чальца ПЭН-цэнтру – не толькі плаціць складкі, але і прытрымлівацца Статуту. А значыць, не рабіць дыскрымінацыйных выказванняў і абараняць гонар арганізацыі:

«Ён абылгаў арганізацыю, ён заяўляў пра рэчы, якія арганізацыя не здзяйсняла, пры гэтым выстаўляючы нам ацэнкі ў катэгарычных формах».

«Гэта маральнае Сярэднявечча. Я, калі прачытала, была агаломшаная. Я не думала, што сёння чалавек, малады палітык і пісьменнік, можа думаць на такім узроўні», – падзялілася ўражаннямі з «Белсатам» нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, якая цяпер узначальвае ПЭН-цэнтр.

Нобэлеўская лаўрэатка лічыць публічныя выказванні Севярынца не толькі неадпаведнымі каштоўнасцям ПЭН-цэнтру, але і небяспечнымі.

«Калі ў краіне забіваюць на нашых вачах геяў, тут ягонае гамафобства. Гэта ягоная спроба захапіць ПЭН, узяць уладу, з нейкім лексіконам «нацыянал-здраднікі», «марксісты». Я сяджу нібыта мяне адкінулі на 50 гадоў назад», – распавяла Алексіевіч.

«Маім адказам будзе кніга «Беларусалім», другі том «Сэрца святла», якую я рыхтую да друку. Думаю, пасля ПЭНу чытачоў будзе нашмат больш», – абяцае Севярынец.

Але справа не ў рэкламе кнігі. Як мяркуе палітолаг Павел Усаў, дзеянні Севярынца могуць быць падрыхтоўкай да ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах наступнага году. Тады скандал вакол ПЭН-цэнтру – звычайная паліттэхналогія.

Яраслаў Сцешык belsat.eu