За што крытыкуюць суд над аўтарамі «Regnum»?


Дзмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец і Сяргей Шыпценка год правялі ў следчым ізалятары КДБ. Ім пагражае да 12-ці гадоў турмы за распальванне нацыянальнай варожасці з дапамогай інтэрнэту. Таксама Паўлаўца і Шыпценку абвінавачваюць у незаконным прадпрымальніцтве. Ці справядліва?

Паводле матэрыялаў следства, заснаваных на перахопленым электронным ліставанні ды выніках вобшукаў, удзельнікі групы атрымлівалі вялікія сумы грошай за артыкулы на замоўленыя тэмы з замоўленымі тэзісамі. Пад псеўданімамі і без Алімкін, Шыпценка і Паўлавец пісалі аб непаўнавартасці Беларусі як дзяржавы і безальтэрнатыўнасці далучэння да Расеі.

Яны называлі выдуманымі і беларускі народ, і беларускую мову

«Ні для каго не сакрэт, што беларуская і ўкраінская мова – па сутнасці, мовы, якія выміраюць. Ніякай спецыяльнай ці навуковай тэрміналогіі на іх не існуе… На мове можна выказаць думкі не складаней, чым «прынясі сала» ці «ідзі пасвіць карову»… Беларусізацыя – спосаб адсекчы беларусаў ад будучыні. Для вас – вышыванкі, казкі пра рыцараў, агарод, куры і свінні…», – пісаў Дзмітрый Алімкін пад псеўданімам «Ала Бронь».

Алімкін – выпускнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Там жа адвучыўся Сяргей Шыпценка. Юрый Паўлавец – гісторык з Беларускага інстытуту інфарматыкі і радыётэхнікі. Яшчэ адзін фігурант справы – выканаўчы дырэктар расейскага Інстытуту інфармацыйных войнаў Юрый Баранчык. Ён цяпер у Расеі, Масква адмовілася выдаць яго на запыт Менску. Раней Баранчык быў дырэктарам інфармацыйна-аналітычнага цэнтру ва ўсё той жа лукашэнкаўскай Акадэміі, а цяпер ён шэф-рэдактар парталу «Regnum», у аддзеле аналітыкі.

Менавіта з Баранчыкам аўтары вялі свой бізнес, ад яго атрымлівалі ганарары – $ 20-200 за артыкул.

Падтрымаць падсудных прыйшлі дзясяткі чалавек

Сярод абаронцаў аўтараў «Regnum», у тым ліку, выкладчыкі беларускіх ВНУ.

«Гэты працэс увогуле не мусіў адбыцца, бо людзі выказалі сваё меркаванне ў межах закону, таму пад ніякі крымінальны пераслед выказванні журналістаў не падпадаюць», – упэўнены Аляксандр Бендзін з Інстытуту тэалогіі БДУ.

Шмат хто з прысутных вядомы сваймі прарасейскімі лекцыямі ва ўніверсітэтах і публікацыямі ў медыях.

«Гэта парушэнне канстытуцыйнага права на свабоду слова. Тэзісы, якія яны выказваюць, могуць быць спрэчнымі, з імі можна дыскутаваць, але гэта не тое, за што варта пазбаўляць людзей свабоды», – даводзіць Арцём Агафонаў, дырэктар установы «Согласие-медиа».

Прадстаўнік апазіцы асудзіў арышт

«Я ведаю Юрыя Паўлаўца вельмі добра, ён чалец нашай партыі, нашага прафсаюзу. Ён добры гісторык і мае сваё меркаванне ў гэтым пытанні. Таму лічу гэта расправай над свабодай слова», – заявіў Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў.

Журналісты і праваабаронцы таксама асуджаюць

Незалежна ад дзеянняў абвінавачаных, і працэс, і следства не мусяць выкарыстоўвацца для палітычнага пераследу, мяркуюць праваабаронцы.

«Мы бачым вельмі просты падыход экспертызы і следства да высвятлення, што з’яўляецца распальваннем нацыянальнай варожасці. Звычайны аналітычны артыкул, а бываюць і артыкулы больш жорсткія, крытычныя, прыраўніваюць да крымінальнага пераследу», – зазначыў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Падсудныя не прызналі сваёй віны

Яны застануцца пад вартай як мінімум да канца працэсу. Суд працягнецца заўтра.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».