За Сафійскім саборам у Полацку атабарацца кадэты


За полацкім Сафійскім саборам на тэрыторыі Верхняга замку руйнуюць былы шпітальны гарадок. Калі ўсё пойдзе паводле плану, то ў 2021 годзе Сафія будзе суседзіць з кадэцкай вучэльняй. Такую сітуацыю многія лічаць недарэчнай.

«Дысананс пэўны ёсць, канечне. Хаця і больніца была, пэўна, не зусім дарэчы побач з такім аб’ектам, але і гэта не лепшае рашэнне, не лепшае…» – мяркуе полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч.

Зрабіць як лепш улады спрабавалі яшчэ 7 гадоў таму. Былі ідэі аднавіць Базыльянскі кляштар, стварыць цэнтр археалогіі. Але рэалізацыя амбітнага праекту патрабавала каля 100 мільёнаў долараў.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Грошай не знайшлі, адстаяла ўсё да сёлета, і прынялі рашэнне закласці тут новыя пабудовы для кадэцкай вучэльні. Меркавалі пачаць у верасні, але праз адсутнасць сродкаў будаўнічыя ці, як я называю, разбуральныя працы пачаліся толькі ў снежні», – расказвае Міхась Баўтовіч.

Паводле краязнаўца, перад працамі нават не запрасілі археолагаў. Хоць старшыня аддзелу культуры Полацкага райвыканкаму Алена Астапава запэўніла, што археалагічны нагляд ажыццяўляецца.

«Якія варыянты яшчэ там ёсць, я не скажу. Заказчык на аб’екце – УКБ гораду Полацку, можаце звязацца наўпрост з УКБ. А рашэнне аб стварэнні там кадэцкага вучылішча прынятае на ўзроўні прэзідэнта…» – паведаміла Алена Астапава.

Згодна з Указам № 71 кіраўніка дзяржавы, на рэканструкцыю будынкаў для пераезду кадэцкай вучэльні на тэрыторыю Верхняга замку планавалася вылучыць два мільёны рублёў, налета – яшчэ каля трох. Ці падабаецца такі праект палачанам?

«Ну, я не знаю, можа, добра будзе. Можа, добра. Ну, ёсць жа найвышэйшае начальства, а найвышэйшыя знаюць, што робяць. Можа, і харашо будзе…» – мяркуе палачанка.

«Я лічу, што комплекс турыстычны лепшы быў бы, чым кадэцкае вучылішча. Гэта гістарычнае месца, таму там трэба для турыстаў нешта рабіць». – «А што б вы там хацелі бачыць?» – «Ну, кавярні нейкія, гасцініцы. А так зачыняць гэтую тэрыторыю, і ўжо ніхто не трапіць у гэтае месца. Вельмі шкада…» – кажа жыхар Полацку.

«Ну, калі будзе кадэцкі корпус, дык будзе на сваім месцы. Ён жа калісьці тут стаяў. Узарвалі ж яго, яшчэ на маёй памяці. Так што нічога. Я станоўча стаўлюся», – адказвае полацкая пенсіянерка.

Цяпер кадэтаў плануюць засяліць у так званы «чырвоны будынак» – колішні інтэрнат для педагогаў кадэцкага корпусу. У 1828 годзе тут планавалі адкрыць духоўную акадэмію. Але пасля паўстання 1830-га расейскі імператар вырашыў, што будзе куды больш надзейна, калі тут размесціцца кадэцкі корпус. Няўжо гісторыя паўтараецца? Хочацца памыліцца.

Зміцер Казакевіч belsat.eu