За незалежнасць судзяць двойчы. У тым ліку тых, хто яшчэ не выйшаў

Пенсіянеры, навукоўцы, выкладчыкі, пісьменнікі ды актывісты – судовы канвеер не пашкадаваў нікога. Некаторых удзельнікаў акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй сёння судзілі двойчы. Толькі ў Менску працэсы прайшлі адразу ў пяці судах.

Яну Грыбу 83 гады. За ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй ён атрымаў на 9 студзеня адразу дзве позвы ў суд. Аднак паводле стану здароўя прыйсці не змог.

«Так разбалелася нага, што я з цяжкасцю да прыбіральні даходжу. На які суд я пайду? Я патэлефаную ім і скажу, што няхай прысылаюць да мяне нарад міліцыі, які данясе мяне да машыны і далей данясе да суда – іншага выйсця я не бачу», – заяўляе Ян Грыб.

У выніку абодва суды над Янам Грыбам перанесеныя на 15 студзеня.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

У пяці судах Менску, у Віцебску і Пінску сёння судзяць удзельнікаў акцыяў за незалежнасць Беларусі. Найбольш інтэнсіўны судовы канвеер – у Судзе Цэнтральнага раёну сталіцы. Судзяць у гэтым будынку і тых, хто калісьці працаваў у ім настаўнікам, калі яшчэ будынак належаў гуманітарнаму ліцэю імя Якуба Коласа.

Тут выкладаў і кандыдат навук Лявон Баршчэўскі, цяпер у колішняй студэнцкай аўдыторыі яго судзілі. Падтрымаць навукоўца і выкладчыка прыйшлі прадстаўнікі Еўразвязу, дыпламатычных прадстаўніцтваў, шмат паплечнікаў і сяброў. Лявон Баршчэўскі звярнуў увагу суда на шматлікія парушэнні, і ў выніку пратакол адправілі на дапрацоўку.

«Тут ніякай перамогі няма – я выкарыстаў тое, што міліцыя вельмі неахайна працуе: пратаколы пішуцца пад капірку, у іх адны і тыя ж фармулёўкі, і нават не спраўджвае таго, што там напісана. Я думаю, яны складуць чарговы пратакол, можа, не адзін. Бо калі рашэнне прынятае караць людзей за незалежнасць, то будуць караць», – перакананы навуковец, выкладчык, дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ склікання Лявон Баршчэўскі.

Іншага выкладчыка і былога дыпламата Пятра Садоўскага за дзень судзілі двойчы. У выніку адзін пратакол адклалі на дапрацоўку, паводле яшчэ аднаго ён атрымаў штраф 810 рублёў. Актывіста Дзяніса Урбановіча завочна аштрафавалі двойчы, агулам на 2700 рублёў, Паўла Севярынца – на 1350 рублёў, таксама завочна, бо абодва адбываюць 15 содняў арышту.

«Ну, страшна, тут няма гаворкі. Гэта ненармальна судзіць чалавека, які яшчэ не выйшаў», – абураецца Вольга, жонка Паўла Севярынца.

У судзе Партызанскага раёну судзілі палітыка Вячаслава Сіўчыка і мастака Алеся Марачкіна, у судзе Ленінскага – актывістку Ганну Шапуцьку і праваслаўнага святара айца Вікенція. У Кастрычніцкім – палітыка Мікалая Казлова, а ў Фрунзенскім – Анатоля Лябедзьку.

«Дэградацыя поўная – і суддзяў, і ў цэлым краіны. Ідзём у тупік, і гэта праблема тых, хто прыйдзе на змену і Лукашэнку і Сукалу», – дзеліцца ўражаннямі палітык Анатоль Лябедзька.

Толькі сёння праз суды прайшлі 35 чалавек, якія пакараныя штрафамі ў агульным памеры – 34 тысячы 500 рублёў.

«Рухі, якія робіць улада ў жаданні мінімалізаваць грамадскую актыўнасць, спыніць вось гэтымі штрафамі – яны паказваюць, што мы ўжо знаходзімся ў выбарчай кампаніі», – перакананы кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Суды за антыінтэграцыйныя пратэсты працягнуцца 10 студзеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі.

Галіна Абакунчык belsat.eu

Глядзі таксама