«Ён быў настаўнікам, сапраўдным навукоўцам». Спадчына Юрыя Туронка


Не стала Юрыя Туронка – гісторыка, які правёў жыццё ў замежжы, прысвяціўшы другую яго частку незалежнай даследніцкай працы. Па-беларуску, пра Беларусь, але не толькі для беларусаў – першым узняў нязручныя факты пра перыяд нямецкай акупацыі. Запомніўся нам як патрыёт і застаўся ўзорам…

Любіў жыццё і пісаў гісторыю… Смела і адкрыта… На кадрах з дакументальнага фільму «Белсату» «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» Юры Туронак кажа: «Я сам бачыў як жанчыны кленчылі на ходніку і малілі Бога паслаць вайну! Патрабавалі нейкіх зменаў».

Рэжысёр Антось Цялежнікаў зняў стужку паводле аднайменнай кнігі гісторыка Юрыя Туронка. Урывак з фільму: «На Усходзе Беларусі, гэтак як і на Захадзе, паводле нямецкіх рапартаў, мясцовае насельніцтва займала пазіцыю чакання, ці ставілася да немцаў прыязна, адмаўляючы бальшавізм».

У часе шырокай прэм’еры стужка здзівіла шэрагі тых, хто не чытаў Туронкаўскага даследавання пра адзін з найбольш складаных перыядаў нашай гісторыі – Другую сусветную вайну.

«У кнізе яшчэ засталіся закладкі, якія мне былі патрэбныя, калі я працаваў над сцэнаром. Кніга Юрыя Туронка для мяне апынулася найбольш яскравым і найбольш аб’ектыўным матэрыялам і найбольш грунтоўным даследаваннем на гэтую тэму», – распавядае Антось Цялежнікаў, рэжысёр.

«Беларусь пад нямецкаю акупацыяй» выдавалася 6 разоў. Гэта візітоўка аўтара, што не змяншае гістарычнае вагі іншых шасці ягоных працаў. Сярод іх таксама перавыдавалася кніга «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі». За саветамі нельга было набыць твораў Туронка – казаў нам пасля выхаду экранізацыі філосаф, выдавец Валер Булгакаў:

«Гэта чалавек, які стварыў новае ўяўленне пра беларускую гістарыяграфію – ужываў найноўшыя метадалагічныя здабыткі заходняй гістарычнай навукі для даследаванняў беларускай гісторыі».

Юры Туронак нарадзіўся на Віленшчыне, большую частку жыцця правёў у Польшчы, а на Беларусі не жыў ніколі. Звесткі пра нацыянальны рух ХХ-га стагоддзя ён вышукваў у Еўрапейскіх архівах, доступ да якіх быў ягонаю перавагаю. Генадзь Семянчук, гісторык:

«Навучыў нас вельмі правільна падыходзіць да свайго ўласнага. Ён быў настаўнікам, быў сапраўдным навукоўцам, ён быў грамадскім дзеячам. Ягоны адыход нагадвае нам пра значнасць ягонай асобы і вызначае нам кірункі ў будучыню».

Узор для калегаў, для моладзі беларускай дыяспары ў замежжы. Доследы гісторыка спрыялі сябрам арганізацыі Беларуская Нацыянальная Памяць у пошуку месцаў спачыну выбітных беларусаў. Але для беларускай улады гэта – забароненая тэма. Дзяржаўная ідэалогія збудаваная на кульце савецкага героя і месца для сумневу айчынным творцам не пакідае.

«…Як сказаў айцец Аляксандр Надсан таксама ў маім фільме, гэта вельмі складаная тэма, тут не было шмат белага ці шмат чорнага. Было шмат шэрага», – гаворыць Антось Цялежнікаў.

Святло згасла ў адным з вокнаў на вуліцы Тамка ў Варшаве, але засталася годная спадчына для наступных пакаленняў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu