Яны бароняць свабоду слова


Праўдзівая інфармацыя – галоўная падстава працы журналіста, але гэта часта не падабаецца ўладам. Менавіта беларуская асацыяцыя журналістаў дазваляе не застацца сам на сам з сістэмай. Сёння БАЖ сабраўся на дзясяты з’езд. Пераабралі кіраўніцтва, зацвердзілі дакументы, казалі пра набалелае ды хваліліся дасягненнямі.

На вайне як на вайне. Працоўная штодзённасць беларускага незалежнага журналіста – змаганне за праўдзівую інфармацыю. І інфармацыя трапляе да чытача, слухача ці гледача. За краты і пад няспынны пераслед трапляюць і самі журналісты.

А дзякуючы Беларускай асацыяцыі журналістаў мы ведаем, што не застаемся самі. Сёння адбыўся дзясяты зʼезд арганізацыі. Старшынём пераабралі Андрэя Бастунца.

«Праблемаў некалькі: праблема – недахоп працоўных месцаў, у нас няма незалежных традыцыйных медыяў; праблема – гэта непрызнанне статусу журналіста-фрылансэра ў нашай краіне; і апошняе – жорсткае заканадаўства аб СМІ. Мяркую, адно з самых жорсткіх у рэгіёне», – зазначае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

БАЖ існуе з канца дзевяноста пятага года, яднаючы ў сваіх шэрагах больш за тысячу сябраў. Прэсавы сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі на сваім «Фэйсбуку» назваў значныя дасягненні Толькі за апошнія тры гады. Гэта юрыдычная падтрыманне і абарона журналістаў. Адукацыйныя курсы і праграмы, трэнінгі ды школы. Інфармаванне міжнароднае супольнасці аб медыйнай сітуацыі ў Беларусі.

Тут толькі асноўныя кірункі, якія ўключаюць безліч імпрэзаў для незалежных журналістаў.

«БАЖ мусіць сканцэнтравацца на абароне журналістаў, якія ўжо працуюць у краіне, і медыяпраектаў, якія ўжо ёсць у краіне; па-другое, мусіць быць моцная кампанія супраць тых зменаў у закон аб СМІ, якія рыхтуюцца, бо яны ставяць вялікі крыж на свабодзе слова ў нашай краіне. І ў першую чаргу датычаць не рэдакцыяў, а звычайных людзей», – мяркуе публіцыстка Святлана Калінкіна.

Новы закон аб медыях і перспектывы далейшае працы

У цэнтры ўвагі сённяшняга зʼезду новы закон аб медыях і перспектывы далейшае працы. Але ніхто не забываецца і на тых калегаў, якіх з намі няма: аператара Дзмітрыя Завадскага, журналістаў Веранікі Чаркасавай, Алега Бябеніна і Паўла Шарамета.

Беларуская асацыяцыя журналістаў – арганізацыя, якая задае пытанні да ўлады і глядзіць ёй на рукі. Таму пад ціск трапляе і сама. У 2004 годзе БАЖ атрымаў прэмію Еўрапарламенту імя Сахарава «За свабоду думкі». Ёсць і іншыя ўзнагароды.

Дваццаць тры гады – самы росквіт маладосці, хоць і перажыта Беларускаю асацыяцыяй журналістаў нямала і хапіла б на шмат людскіх лёсаў. Бо БАЖ – гэта сотні журналістаў, якія кожны дзень змагаюцца на медыйным полі бою за праўдзівую інфармацыю.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»