Якія рэгіёны Украіны падтрымалі Зяленскага і Парашэнку?


Лідары нязменныя – паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія Украіны, апрацаваўшы 85 адсоткаў бюлетэняў. У другім туры прэзідэнцкіх выбараў сустрэнуцца Пётр Парашэнка і Уладзімір Зяленскі. У якіх рэгіёнах і сярод якіх групаў падтрыманне гэтых кандыдатаў найбольшая? Хто мае вышэйшыя шанцы перамагчы ў другім туры? Раскажа Аляксандр Папко.

Шоўмен, які выйшаў на палітычную сцэну Украіны ўсяго тры месяцы таму, сёння аказаўся лідарам прэзідэнцкай гонкі. За яго прагаласавалі 30 адсоткаў украінскіх выбарнікаў. Уладзімір Зяленскі, кандыдат на прэзідэнта Украіны:

«Усім украінцам, усім, хто прыйшоў на гэтыя выбары, я хачу падзякаваць за тую ўпэўненую перамогу, якой дасягнула нашая каманда!»

Не меншы градус эмоцыяў – у штабе Пятра Парашэнкі. З вынікам 16 адсоткаў дзейны прэзідэнт абыходзіць экс-прэм’ера Юлію Цімашэнку і выходзіць у другі тур. Зяленскага Парашэнка лічыць кандыдатам несамастойным і ў дадатак – зручным Крамлю. Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны:

«Чаму Крэмль, яго агентура і алігархі-ўцекачы так шалеюць на гэтых выбарах? Бо яны цалкам страцілі кантроль! Лёс звёў мяне ў другім туры – і я не саромеюся гэтага казаць – з марыянеткаю Каламойскага. І Каламойскаму мы не дамо аніводнага шанцу!»

Прагаласаваць у першым туры прыйшлі 63 адсоткі выбарнікаў. Гэта на 3 адсоткі больш, чымся падчас прэзідэнцкіх выбараў 2014-га года. Больш за ўсё Уладзіміра Зяленскага падтрымалі на поўдні і ўсходзе Украіны. Парашэнка найбольш прыхільнікаў знайшоў на захадзе і ў сталіцы. Але палітычныя погляды ўкраінцаў вызначае ўжо не мова ці рэгіён, тлумачаць эксперты.

«Менш забяспечаныя падтрымлівалі Зяленскага, у той час як багацейшыя падтрымлівалі іншых кандыдатаў. Таксама можна сцвярджаць, што існуюць розніцы, звязаныя з тыпам вытворчасці і ўкладам жыцця. Напрыклад, паміж індустрыйнымі гарадамі і мегаполісамі. Кіеў моцна адрозніваецца ад, напрыклад, Запарожжа», – кажа палітолаг Алег Саакян.

Прэзідэнт Украіны не непадзельны ўладар. Непараўнальна большыя паўнамоцтвы мае парламент. Аднак галава дзяржавы моцна ўплывае на вонкавую палітыку, Нацыянальны банк і армію. У чыіх руках апынецца гэтая ўлада – вызначыць другі тур. Выразнага фаварыта ў ім пакуль няма.

«Я галасую за Уладзіміра Зяленскага. Гэта мой кандыдат, я вызначыўся даволі даўно».

«За Парашэнку, бо ён як галоўнакамандуючы паказаў сябе годна. Так, у яго ёсць свае «зашквары» але гэта ўсё роўна не перашкаджае».

«Буду за Зяленскага. Таму што Парашэнка мне не падабаецца. Ён вельмі многа дрэннага зрабіў, асабліва для моладзі».

« Я яго асабіста ведаю. Мы даўным-даўно размаўлялі, яшчэ ў 16 годзе. Яшчэ тады я яму казала: «Валодзя, ты выдатны хлопец, ты выдатны артыст, ты пісьменны хлопец, але ты не зможаш, гэта ніхто не зможа!» – кажуць жыхары Кіева.

Хто ж мае большыя шанцы перамагчы па выніках другога туру?

«Мы ўбачым у другім туры галасаванне не столькі за кагосьці, колькі супраць. Гэта будзе барацьба антырэйтынгаў, дзе антырэйтынг Пятра Аляксеевіча нашмат вышэйшы. Але Зяленскаму будзе неабходна змяніць свой уласны вобраз. Яму давядзецца выйсці за межы зону камфорту, гэта значыць развіртуалізавацца», – кажа палітолаг Алег Саакян.

Зяленскаму давядзецца нарэшце сказаць, каго ён прызначыць на асноўныя пасады і якімі метадамі ён зрэалізуе свае перадвыбарчыя абяцанні.

Выбары прэзідэнта Украіны прайшлі без сістэмных парушэнняў, заявіла Цэнтральная выбарчая камісія. Хто стане прэзідэнтам Украіны, Пятро Парашэнка ці Уладзімір Зяленскі, мы даведаемся роўна праз тры тыдні.

Аляксандр Папко, Аляксандр Баразенка, belsat.eu