Якія правы людзей з інваліднасцю парушаюцца ў Беларусі?


Уладзіслаў Чашэнка – шматдзетны бацька. Ягоная сям’я атрымала кватэру ў новым пяціпавярховым доме без ліфта. Акурат на апошнім паверсе. Уладзіславу прыходзіцца пяць разоў на дзень спускацца і падымацца па лесвіцы, што для яго балюча і вельмі складана.

«Мне такое жытло, кватэру далі, хаця не мелі права. Мне кватэра павінна была давацца не вышэй за трэці паверх, бо я інвалід 2 групы. А далі мне кватэру на пятым паверсе. Не належыць, а мне далі», – кажа Уладзіслаў.

Інваліднасць Уладзіслаў атрымаў пасля аварыі ў 2003 годзе. У яго была чэрапна-мазгавая траўма. Паводле дакументаў, прычына інваліднасці – «агульнае захворванне».

«Да нас часта звяртаюцца менавіта наконт даступнасці, таму што без гэтага ў прынцыпе немагчыма рэалізаваць ніводнага права. Да нас часта звяртаюцца людзі наконт даступнасці ў розных яе формах: у выглядзе парушэнняў правоў у выглядзе бяздзейнасці ў дачыненні чалавека, у выглядзе няякаснай працы і г.д.», – кажа дырэктар офісу правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Уладзіслаў звярнуўся да ўладаў з просьбай усё ж такі выдзеліць яму жытло на ніжэйшым паверсе ці ў доме з ліфтам. Пакуль што гэтая праблема не развязаная і ўжо наспявае іншая. Праз другую групу інваліднасці Уладзіслаў не можа ўладкавацца на працу, нават на самую простую. Магілёўскі цэнтр занятасці накіраваў яго на працу прыбіральшчыкам памяшкання, але медычна-рэабілітацыйная экспертная камісія не дала дазволу.

Уладзіслаў кажа:

«Я на МРЭК ездзіў, яны мне кажуць, калі хочаш працаваць, мы з вас 2 групу здымем і паставім 3. Пасля ідзі працуй. Я хаця б па другой групе хоць атрымліваю 2,5 млн, а па трэцяй буду атрымліваць 1,5 млн, ну па-старому, 150 рублёў».

Уладзіслаў упэўнены, што справіцца з працаю прыбіральшчыка. Ён тройчы на тыдзень ходзіць на спартовыя трэнаванні і ўжо год ездзіць на спаборніцтвы для людзей з інваліднасцю. Але камісія адмаўляе ў працы ўжо не першы раз.

«Большасць людзей з інваліднасцю не могуць жыць проста на пенсію. І вымушаныя працаваць. Тут мы сутыкаемся з наборам усялякіх парушэнняў, якія пачынаюцца і ад поўнага неразумення кантэксту інваліднасці ды заканчваюцца сістэмнымі праблемамі, якія ў нас ёсць, і, на жаль, захоўваюцца – медычны падыход да інваліднасці», – кажа Сяргей Драздоўскі.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю амаль 4 гады таму. Але рашучых зменаў у забеспячэнні роўных правоў і свабодаў Сяргей Драздоўскі пакуль не заўважае. Жыхары Магілёва таксама ведаюць пра парушэнні правоў людзей з інваліднасцю:

«Інваліднасць часта даюць, а потым яе здымаюць, хоць гэта такая інваліднасць, якая не праходзіць нікуды».

«У падʼезд заехаць на калясцы немагчыма, у аўтобусах ужо быццам бы зрабілі».

«Калі другая рабочая група, яшчэ можна быццам бы ўладкавацца куды-небудзь. А калі не рабочая, то ўжо толькі пенсія і ўсё».

«Слабое забеспячэнне з боку нашай дзяржавы сродкамі, на той жа МРЭК на ўлік могуць паставіць не адразу».

Каб асобы з інваліднасцю маглі абараніць свае правы, Сяргей Драздоўскі раіць ім самім не губляць волі да перамогі. Не ленавацца і вывучаць даступную інфармацыю. І кааперавацца з іншымі людзьмі з такой жа праблемай, бо разам яе вырашыць значна прасцей.

Вольга Васільева, «Белсат»