Які галоўны аргумент за беларускасць Кастуся Каліноўскага?


Кастусь Каліноўскі – пачынальнік беларускай нацыянальнай ідэі, сапраўдны бацька беларускай нацыі і нашай мовы. Яму было ўсяго 26 гадоў, калі ён прыняў пакутніцкую смерць за Радзіму. Як постаць Каліноўскага ўшаноўваюць у сучаснай Беларусі?

У Беларусі для нацыянальнага героя знайшлося месца толькі аднаму помніку – у Свіслачы. А наколькі жывая гістарычная памяць пра асобу, якая паклала пачатак незалежнай дэмакратычнай Беларусі, сярод самых беларусаў?

«Ведаю! Кастусь Каліноўскі. Ну, паўстанне ўзначальваў, за Беларусь!»

«Узначаліў паўстанне. Гэта мы памятаем, ну і герой быў таго часу, канечне. Зараз ужо забыта».

«Ён хацеў незалежнасці Беларусі. Не выйшла ў яго. Ну, шкада».

«Гэта чалавек, які змагаўся за незалежнасць Беларусі, гэтак сама, як і Бандэра ва Украіне».

Скончыў Свіслацкую гімназію і атрымаў бліскучую юрыдычную адукацыю ў Пецярбургу. Аднак прамяняў спакойнае жыццё на рэвалюцыйную дзейнасць супраць феадальнага ладу.

«Самая вялікая дзейнасць яго – адукацыйная, што ён упершыню ставіў пытанне, што асноўная сіла беларусаў – гэта сяляне. І ён упершыню падкрэсліў, што так званыя ліцвіны ўжо сталі палякамі. Ён казаў, што калі адродзім Рэч Паспалітую, то Вялікае княства мусіць мець вялікую аўтаномію», – распавядае Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы.

То бок найперш – незалежнасць ад расейскага самадзяржаўя. Гэтай мэце служыла нелегальная беларуская газета «Мужыцкая праўда», якую ў 1862 годзе разам са сваймі паплечнікамі выдаваў Каліноўскі.

«Калі знаходзілі «Мужыцкую праўду», кара была жахлівая… Ён разумеў, што сяляне могуць зрабіць мадэрновую беларускую нацыю», – дадае Алег Трусаў.

Апошні, сёмы выпуск газеты выйшаў у час нацыянальна-вызвольнага паўстання. І тут яскрава гучаў заклік да змагання менавіта з расейскімі ўладамі. Фрагмент з «Мужыцкай праўды»:

«А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі да з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла».

За год адбыліся паўтары сотні сутычак сялянаў з царскімі войскамі. Каліноўскага схапілі ў ноч на 29 студзеня 1864 года ў Вільні. Расейскі генерал-губернатар Мураўёў, які падаўляў паўстанне, выказаўся за ганебную смерць для рэвалюцыянера – праз павешанне.

«Галоўнае, што ён не скарыўся: нават яго вельмі мужныя паводзіны перад самой смерцю. Калі ён, стоячы пад шыбеніцай, слухаў прысуд і каментаваў прысуд. Калі там казалі, што караецца смерцю дваранін Каліноўскі, ён вельмі голасна сказаў: «У нас няма дваранаў, тут усе роўныя», – цытуе гісторык Алесь Смалянчук.

Дагэтуль гучаць некаторыя галасы, што паўстанне Каліноўскага было не беларускім, бо зарадзілася ў Польшчы. Аднак ставяць кропку ў пытанні чый Каліноўскі «Лісты з-пад шыбеніцы»: яны напісаныя для беларусаў і па-беларуску.

І не выпадкова, што каліноўцы ў часы падпольнае барацьбы віталі адно аднаго паролем «Каго любіш?» і водгукам «Люблю Беларусь!» Сёння, праз паўтара стагоддзя, дзякуючы між іншым іхнаму змаганню, беларусы могуць казаць гэтыя словы гучна.

Таццяна Уласенка belsat.eu

Фота: belsat.eu