Як жыве сёння самы бедны раён краіны?


Шаркаўшчынскі раён – шматгадовы лідар антырэйтынгу заробкаў. Нават паводле Белстату, тут яны не дацягваюць да 600 беларускіх рублёў. На практыцы ўсё яшчэ горш.

Таццяна Смоткіна, журналістка, Глыбокае: «Як я размаўляю з працаўнікамі сельскай гаспадаркі, то яны кажуць, што зарабляюць максімум 300–400. Толькі ў найлепшыя часы, улетку (як яны кажуць – у сезон) зарабляюць 500. Адкуль увогуле лічба 600 рублёў – невядома. Яны пра такія заробкі там мараць».

І не дзіва. Уся прамысловасць Шаркаўшчыны – жылкамунгас, невялікі кансервавы завод і пара прыватных фірмаў для вытворчасці мэблі і дошак. Асноўныя працадаўцы тут – калгасы. Працу даюць, а вось заробак – не заўсёды, як калгас імя Маркава.

Жыхары Шаркаўшчыны:

«За снежань нам далі. Частку. А які адсотак – невядома!»

«Ніхто яшчэ нічога не выдаў. Адсоткі выдалі – і ўсё!»

«Даюць напалову праз крамы. Гандлёвыя кропкі, якія належаць дзяржаве. А вы ведаеце, што такое дзяржава – там цэны найвышэйшыя і выбар меншы!»

«Працы няма. Заробку няма. Вось таму і з‘язджаюць. Жыць жа трэба!»

Тых, хто застаецца, ратуюць падсобная гаспадарка, сезонныя працы і пенсіянеры.

Віктар Крук, мастак, Шаркаўшчына: «Я ведаю, што тыя ў вёсках, хто не працуе (а такіх шмат, бо працы няма), асабліва моладзь, выжываюць толькі за кошт пенсіі бацькоў, дзядоў, бабуляў».

Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што раён выратуюць замежныя інвестары.

Ірэна Бука, намесніца старшыні Шаркаўшчынскага райвыканкаму: «Цяпер адкрылі прадпрыемства з удзелам літоўскага інвестара. Зарэгістравалі новае прадпрыемства для вытворчасці трэсак. […] Працуем з інвестарам з Нямеччыны ў справе адкрыцця прадпрыемства для вытворчасці вокнаў».

Раёнаў, дзе сярэдні заробак не дасягае 700 рублёў, – у краіне больш за дзясятак. Амаль усе гэтыя раёны – аграрныя.

Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў: «У калгасаў, ці, як яны сёння называюцца, СПК, забіраюць прадукцыю па фіксаваных цэнах. І ў абсалютнай сваёй большасці проста няма грошай на сяле».

Беднасць – гэта не толькі вынік дзяржаўнай уласнасці на зямлю, але і двух дзесяцігоддзяў дыскрымінацыі малога бізнесу – кажа эксперт.

Аднак скарачаць долю дзяржавы ў эканоміцы ды абараняць правы прыватных прадпрымальнікаў улады намеру ня маюць.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі (01.03.2019): «Мы вельмі шмат зрабілі для таго, каб чалавек сёння мог варушыцца і зарабіць для сябе і для сваёй сям’і. Калі нешта не зробленае – я ўжо, раззлаваўшыся, публічна кажу – стань да люстэрка і паглядзі на сябе».

А сяляне не глядзяць, яны масава выязджаюць у сталіцу і за мяжу. Менш як за 20 гадоў насельніцтва Шаркаўшчынскага раёну скарацілася на траціну. Было больш за 23 тысячы асобаў– засталося менш за 15. Тое самае адбываецца і ў іншых аграрных раёнах.

Аляксандр Папко, «Белсат»