Як выглядае «10 Years Challenge» для палітыкі ды эканомікі Беларусі?


Ці моцна вы змяніліся за 10 гадоў – сталі больш упэўненыя ў сабе і паспяховыя або пастарэлі ды расчараваліся? Ужо сотні тысячаў людзей узялі ўдзел у акцыі «10 Years Challenge» і апублікавалі ў «Фэйсбуку» свае фота 10-гадовай даўніны. За гэты час змяніліся не толькі мы, але і нашая краіна. Як выглядае «10 Years Challenge» для палітыкі ды эканомікі Беларусі? Раскажа Аляксандр Папко.

Больш сівізны, пара дадатковых кілаграмаў і ўжо амаль дарослы сын побач – гэтак змяніўся нязменны твар беларускай палітыкі за апошнія 10 гадоў. Беларускае грамадства за гэты час пасталела і зменшылася на 37 тысячаў, заробкі выраслі, але не нашмат. Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік:

«Прынцыпы беларускай эканомікі засталіся ранейшыя. Асноўную долю яе займае дзяржаўны сектар, які аплочваецца з расейскіх субсідыяў, з замежных пазыкаў і за кошт іншых жыццяздольных галінаў эканомікі, якія душацца на карысць нежыццяздольнага дзяржаўнага сектару».

Рост цэнаў на 13 % і амаль нулявы рост эканомікі – такі быў год 2009-ты. Навагоднім падарункам беларусам стала першая, начная 20-адсоткавая дэвальвацыя. Імклівага эканамічнага росту і сёння не бачна. Але прыватнага сектару стала куды больш. А «рыначнікі» ва ўрадзе зрабілі рубель цалкам стабільнаю валютай.

Час ляціць, а гэтыя словы маглі б прагучаць і сёння. Агрэсія Крамля супраць Грузіі ды расейскае мыта на нафту прымусілі Менск мірыцца з Захадам. Лукашэнка выпускае палітвязняў, а Беларусь прымаюць ва «Усходняе партнёрства».

«Пацяпленне адносінаў з Захадам, наладжванне стасункаў, нейкія сціплыя і рэдкія візіты заходніх палітыкаў у Беларусь і яшчэ больш рэдкія візіты Аляксандра Лукашэнкі на Захад – усё гэта было і ў 2009 годзе і скончылася пасля выбарчага дня 2010 года», –кажа Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

Крэмль даў чарговы крэдыт – рэформы скончыліся. Сёння сітуацыя падобная. Масква павышае цэны на нафту – Менск адкрываецца на Захад. Дэмакратыі Лукашэнка не абяцае, затое дае надзею на беларусізацыю.

«Ён можа пайсці на любыя контрпрадуктыўныя і, па сутнасці, шкодныя для краіны крокі, у тым ліку на чарговае згортванне лібералізацыі. Але сёння, стоячы тут, я магу сказаць, што гэты прагноз малаверагодны», – гаворыць Віталь Цыганкоў.

У параўнанні з 2009-ым, гэты год прывабна не выглядае – кажуць апытаныя намі менчукі:

«Долар даражэйшы, заробкі меншыя, «па пяцьсот» абяцаных усё няма».

«Вельмі шкада за жыццё нашых дзяцей і ўнукаў. І ўвогуле за Беларусь вельмі крыўдна».

«Я і пенсію вялікую атрымліваў – 250 долараў, і заробак большы атрымліваў, і малады быў, натуральна!»

«У фінансавым плане – горш, а ў маральным – мы крэпчаем!»

Рух ёсць, прагрэсу няма – гэтак можна падсумаваць вынікі дзесяцігоддзя для Беларусі. Ці праз 10 гадоў нашая краіна будзе мець новы і лепшы твар? Чакаем «10 Years Challenge 2029».

Аляксандр Папко, belsat.eu