Як вядзецца беларускім палітыкам у сацсетках?


Ад звычайнага піяру – да дзяржаўных пераваротаў. Роля сацыяльных сетак пашыраецца, усцяж расце лічба акаўнтаў ці то ў «Аднакласніках», ці на «Facebook». Апошні дарэчы, святкуе сёння свой 15 дзень народзінаў. Мы ж зацікавіліся, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюць магчымасці сацсетак нашыя палітыкі?

Каб распавесці пра падзею, раней палітыкі хадзілі «ад дзвярэй да дзвярэй». Ці выходзілі на Плошчу. Апошняе здараецца ўсё радзей…

«Я шчас сделаю вот как!»

…фота кіраўніка кампаніі «Гавары Праўду», пад ім цікавы допіс – і маланкава пра падзею могуць даведацца ўсе шэсць з паловаю тысячаў падпісаных на Андрэя Дзмітрыева ў Фэйсбуку. Папулярная сацыяльная платформа кожнаму дае магчымасць выказацца.

«Ён замяняе беларусам «Плошчу». На Плошчу выйсці страшна. А на Фэйсбуку ўсё тое самае. Вы разам з гуртом, грамадою людзей разам нешта кажаце. Мне падаецца, Фэйсбук – гэта ўсебеларуская Плошча», – кажа Андрэй Дзмітрыеў, лідар кампаніі «Гавары праўду».

Мега-праект Марка Цукерберга «Facebook» запусцілі 15 гадоў таму. Паводле папулярнасці гэта першаяў свеце і трэцяя ў Беларусі сацыяльная сетка – мае мільён сто тысяч акаўнтаў. На сто тысяч больш профіляў у сетцы «Одноклассники», а ўпэўнена лідаруе «Укантакце» – два з паловаю мільёны акаўнтаў у беларускім сегменце.

Поле для ўплыву – надзвычай шырокае. Але так сама як у жылым доме – каб дзверы адчынілі, трэба дагрукацца, каб мэсідж прачыталі – трэба правільна яго падаць. Кажа Анатоль Лябедзька, старшыня арганізацыі «Еўрапейскі дыялог»:

«Арыентавацца на тыя пытанні, якія рэальна хвалююць людзей. Калі больш за мільён асобаў праглядаюць гэты пост і там велічэзная ідзе дыскусія, у якой бяруць удзел тысячы людзей, то ты атрымліваеш адлюстраванне сітуацыі без сацыялогіі, якое няма ў Беларусі. Гэта дапаможнік».

Менавіта ў сацыяльных сетках шматлікія навіны робяцца віруснымі (надзвычай аглядальнымі), як гэта было са справаю Коржыча. У краіне з манапалізаванымі радыё і ТБ сацсеткі робяцца пляцоўкаю для распаўсюду інфармацыі і згуртавання вакол праблемаў. Гэтак у сетках збіралі ахвочых абараняць Курапаты ад забудовы. Гіперактыўна прасоўваў гэтую тэму Зміцер Дашкевіч.

Хіба ў кожнага апазіцыйнага палітыка і актывіста ёсць старонка ў прынамсі адной сетцы. Не кожная – выкарыстоўвае свой патэнцыял. Узорна вядзе свае профілі Эдуард Пальчыс – першы на Беларусі асуджаны за палітычнае блогерства. Аднак найбуйнейшымі ў гісторыі сучаснай Беларусі акцыямі застаюцца «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» з маўклівымі акцыямі пратэстаў і мітынгі так званых «дармаедаў», арганізаваныя самімі грамадзянамі.

Бо людскі давер трэба заваяваць.

«Трэба ісці ў калектывы, трэба рабіць так, каб людзі былі адзін за аднаго».

«Я не цікаўлюся палітычным жыццём і палітычнай абстаноўкаю ў краіне».

«Топавыя нашыя беларускія. Тая ж «Грамадзянская, Сацыял-дэмакратычная партыя, Фронт», – кажуць менчукі.

У гэтай тэме НІХТО не назваў улюбёным Фэйсбук ці Twitter Аляксандра Лукашэнкі. Бо ў адрозненні ад іншых кіраўнікоў краінаў, беларускі лідар вяшчае толькі праз традыцыйныя медыі. Але ягоныя спецслужбы ў сетках прысутнічаюць. Васіль Русецкі, SMM-маркетолаг:

«Яму залежыць, што пра яго думаюць у сацыяльных сетках і агулам у інтэрнэт-прасторы. У яго шмат памочнікаў, сярод якіх можна вылучыць напрыклад Наталлю Эйсман, якая меркавана адсочвае, што думаюць пра кіраўніка дзяржавы».

У апошнія некалькі гадоў кіраўнік Беларусі ўсё часцей кажа пра «інфармацыйную бяспеку», магчыма расце «інфармацыйная небяспека» для ўлады.

Юлія Цяльпук, belsat.eu