Як у беларусах жыве памяць пра Слуцкі збройны чын


Сімвалічная магіла героя, які і сам ператварыўся ў сімвал. Гарадзенскія актывісты наведалі мястэчка Капцёўка, дзе ўшанавалі памяць Андрэя Якубецкага, грамадскага і культурнага дзеяча, кіраўніка Беларускай Народнай Рэспублікі ў Горадні і аднаго са стваральнікаў войска БНР.

«Ён узначальваў на Гарадзеншчыне Беларускую вайсковую камісію. І падчас Слуцкага паўстанцкага чыну ў 1920-м годзе паехаў у Семежава і змагаўся. І годна змагаўся – гэтак, што кіраўніцтва БНР на той момант зрабіла яго галоўным вайсковым камандуючым войскаў БНР!», – распавядае краязнаўца Дзяніс Жыгавец.

Стагоддзе ўзброеных сілаў БНР – дата спрэчная

Хаця б з-за таго, што ўласна Беларуская Народная Рэспубліка на той час яшчэ нават не была абвешчаная. 24-га лістапада 1917 года на тэрыторыі Беларусі, часткова акупаванай нямецкімі войскамі, быў сфармаваны 1-шы Менскі беларускі пяхотны полк, які стаў падмуркам узброеных фармаванняў Выканаўчага камітэту Вялікае Беларускае рады Усебеларускага з’езду і ваяваў з бальшавікамі. Між тым сімвалізм даты ўсё-ткі мае вагу, падкрэслівае гісторык Андрэй Чарнякевіч.

«Шлях да Беларускага Войска быў дастаткова пакутлівы. Але мы гаворым пра войска не як пра фармальную адзінку, а пра баяздольную адзінку. То бок не толькі стварыць, але і пакласці пачатак змагання», – даводзіць ён.

Актывісты: імя Андрэя Якубецкага незаслужана забытае сёння

Забытае не толькі дзяржаваю, але і грамадствам, якое ўшаноўвае ідэалы БНР.

«Вельмі важна ў нашай беларускай гісторыі, у нашай беларускай традыцыі ўшаноўваць тых людзей, якія сапраўды змагаліся за незалежнасць, за свабоду гэтае зямлі, якія закладвалі традыцыі дзяржаўнасці гэтае краіны. Якія папросту змагаліся за нашую будучыню і за будучыню нашых дзяцей. І дзякуючы гэтым людзям, мы жывем у незалежнай Беларусі», – упэўнены актывіст Эдвард Дмухоўскі.

Улады ж цяперашняй Рэспублікі Беларусь калі і падкрэсліваюць сімвалізм Беларускай Народнай Рэспублікі, то, бадай, толькі як доказ яе несапраўднасці ды няіснасці. І гэта не зважаючы на тое, што гаворка вядзецца пра нараджэнне беларускай нацыі.

«Калі гаварыць пра месца БНР у традыцыі беларускай дзяржаўнасці – гэта месца ключавое. Таму што гэтая падзея – нараджэнне БНР – звязвае ўсю традыцыю ў адно: Полацкае княства, Вялікае княства Літоўскае, страта праз падзелы і Забор Расейскі – і потым вызваленне, дэкларацыя незалежнай дзяржавы!», – мяркуе гісторык Алесь Краўцэвіч.

І, бадай, апошні сімвал

Сёння распачалася міжнародная канферэнцыя «Беларуская Народная Рэспубліка і традыцыя беларускай дзяржаўнасці», арганізаваная Цэнтрам беларускіх студыяў. Гісторыкі сустрэліся, зрэшты, не ў Менску, а… у Варшаве. На радзіме пра вытокі нашае дзяржаўнасці дагэтуль згадваюць перадусім неафіцыйна.

Валеры Руселік, «Белсат»