Як святкавалі ўгодкі БНР у розныя гады


Мастак Алесь Пушкін падчас свайго студэнцтва ў 1989 годзе намаляваў плакаты і з аднакурснікамі выйшаў на вуліцы Менску 25 сакавіка. Гэта было першае публічнае святкаванне гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі ў савецкай Беларусі.

«На плакатах было патрабаванне дзяржаўнасці беларускай мовы, стылістычны плакат «Адновім народную Беларусь». Прычым адносна дзяржаўнасці беларускай мовы быў намаляваны Якуб Колас з завязанымі вуснамі, Янка Купала і Максім Багдановіч. Быў плакат «СССР – турма народаў», але асноўны пасыл быў: «Грамадзянін! 71 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка! Памятай і думай пра гэта!», – узгадвае Алесь Пушкін.

Мастак адбыў тады 15 содняў арышту, а дадаткова атрымаў крымінальную справу і паражэнне ў правах. А ўжо праз чатыры гады незалежнасць БНР святкавалі на дзяржаўным узроўні.

«Самыя масавыя святкаванні ўгодкаў БНР адбываліся ў Менску. Тут, на плошчы каля Опернага тэатру, збіраліся тысячы людзей, урачыстасці адбываліся і ў самым будынку».

Так, у 1993 годзе ўрачыстая вечарына ў гонар БНР сабрала найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі, якое ўзначальваў тады Станіслаў Шушкевіч. Угодкі незалежнасці адзначалі таксама ў шматлікіх дзяржаўных установах.

«Дзяржава падтрымлівала святкаванне ўва ўсіх яго праявах. Да прыкладу, у нашым Універсітэце культуры было вялікае пасяджэнне, прысвечанае БНР, якое адкрывалі рэктар, прарэктар, усюды была нацыянальная, на той час дзяржаўная, сімволіка. Таму гэтае свята мела вялікі элемент дзяржаўнасці, хоць яго так не навязвалі, як 7 лістапада», – узгадвае дэпутат Вярхоўнага Савета ХХІІ склікання, гісторык і выкладчык Алег Трусаў.

Ужо праз тры гады, пры Аляксандру Лукашэнку, каля Опернага тэатру быў гвалтоўна разагнаны 50-цітысячны мітынг 1996 году. Святкаванне ж Дня Волі 25 сакавіка 2005 каштавала паўтара года абмежавання волі Андрэю Клімаву. Пазней той мітынг да ўгодкаў БНР назвалі рэвалюцыяй Андрэя Клімава.

«Я лічу, што спроба была правільная, бо пасля быў 2006 год па тым жа сцэнары, пазней людзі выходзілі на Кастрычніцкую плошчу. 25 сакавіка было ўжо не проста нейкі «міжсабойчык» людзей, якія шануюць гісторыю дзяржаўнага станаўлення. Гэта стаў дзень нацыянальнага самасцвярджэння», – кажа дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Андрэй Клімаў.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года святкаванне Дня Волі 25 Сакавіка завершылася масавым збіваннем людзей, арыштамі і шматгадовым зняволеннем тагачаснага кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Рэпрэсіі адбываліся і падчас святкаванняў наступных гадоў. Не абмінулі яны нават 83-гадовага Яна Грыба.

«Яны дамагаюцца таго, каб народ баяўся гэтага рэжыму, як пры Сталіну, калі народ размаўляў толькі шэптам. Але яны забываюцца, што народ іншы, інфармацыю мае іншую, палітычная сітуацыя ў свеце зусім іншая. І цяпер народ – асабліва моладзь – не запалохаць», – перакананы выкладчык і пенсіянер Ян Грыб.

Святкаванне сотых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі было шматтысячным і ўпершыню за шмат гадоў прайшло без істотных інцыдэнтаў. Сёлета масавыя імпрэзы змусіла адмяніць толькі сусветная пандэмія каронавіруса.

«Я не сумняваюся, што, як толькі Беларуссю распачне кіраваць беларускамоўны чалавек, за год-два ўсё адродзіцца – і сцяг, і герб, і беларуская мова. Загляне сонца і ў наша беларускае ваконца. Жыве Беларусь, жыве наш беларускі народ!», – перакананы Алег Трусаў.

У Горадні – месцы першага святкавання ўгодкаў незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі – свята ўшанавалі чытаннем Устаўной граматы а 7 гадзіне раніцы – у часе яе абвяшчэння 102 гады таму.

Галіна Абакунчык, «Белсат»