Як шукаюць забойцаў магілёўскага інспектара ДАІ?


Расследаванне забойства магілёўскага інспектара ДАІ ўразіла ўсю Беларусь. Сёння на асабісты кантроль справу ўзяў цэнтральны апарат Следчага камітэту. Напярэдадні ж ад учорашняга вечара крыміналісты не спынялі працы ў ваколіцах абласнога цэнтру. Там, у лясным масіве бліз трасы Магілёў – Шклоў, лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі забітым з кайданкамі на руках.

Юлія Ганчарова, афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Беларусі:

«У лясным масіве было выяўлена цела працаўніка органаў унутраных справаў, а менавіта – Дзяржаўтаінспекцыі, з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 362 Крымінальнага кодэксу РБ – забойства працаўніка органаў унутраных справаў».

Забітаму Яўгену Патаповічу было 22 гады. На службе ў ДАІ ён папрацаваў каля года. Паводле перахопу міліцэйскай арыенціроўкі, апублікаванай тэлеграм-каналам «NEXTA», учора а 6 вечара ён выбыў на выклік аб ДТЗ, а ўжо менш як праз паўгадзіны даслаў паведамленне з просьбай дапамогі.

«Інспектар ДПС лейтэнант міліцыі Патаповіч выбыў для разгляду паводле факту ДТЗ, а 18:27 даслаў паведамленне праз «Вайбэр»: «Тэрмінова. Трое цыганоў. Чорная «Волга». Рэгістрацыйны знак расейскі». Адпаведна, гэты міліцыянт з табельнай зброяй знік».

У падазраваную «Волгу» Патаповіч сеў на скрыжаванні вуліцаў Першамайскай і Мігая, – паведамляе тэлеграм-канал NEXTA са спасылкай на ўласныя крыніцы ў Следчым камітэце. Цела маладога чалавека знайшлі за 3 кіламетры ад гораду.

Уладзімір Няпомнячых, былы працаўнік МУС:

«Я не ведаю, чаму працаўнік міліцыі выязджае на нейкае здарэнне ці злачынства, тым больш без машыны і адзін? Такога ніколі не мусіць быць. Дзве-тры асобы абавязкова мусяць ехаць».

Што магло спрычыніцца да трагічнага здарэння? Ці інспектар ДАІ самавольна сеў у чорную «Волгу», каб хутчэй даехаць да месца здарэння, або яго папросту выкралі? Адказаў на гэтае пытанне цяпер шукае следства. Між тым, парушэнні службовых інструкцыяў, калі міліцыянты працуюць па адным, рызыкуючы ўласнай бяспекай, жыхары Магілёва заўважалі і раней:

«Па адным іх звычайна не бывае ніколі. Яны звычайна экіпажам стаяць. Толькі калі, напэўна, нейкія святы – у цэнтры яны расстаўленыя па адным. А так, каб на дзяжурстве, не бачыў ніколі».

«Ну сустракаў, так па адным яны стаялі ў Магілёве».

«Бачыла толькі што, як працаўнік ДАІ працаваў адзін. Гэта на пераездзе за чыгуначным вакзалам».

«Двое. З міліцыянтам, з аховай, са зброяй стаяць. Гэта ў сувязі з падзеямі гэтымі?»

Гэтак у Магілёве сёння адбываўся план «Сірэна»: шукалі падазраваную «Волгу» з расейскімі нумарамі і танаваным шклом. Гэтаксама ў раёнах Чапаеўка і Грынёўка міліцыя правяла рэйды і затрыманні ў дамах цыганскае меншасці.

«А пры чым тут мы? Я не магу зразумець адно? Чаму такое стаўленне? Я разумею: у кожнай нацыі ёсць добрыя і кепскія. Але ніхто за нацыю не адказвае. Навошта людзей біць? Бо можна ад страху і ад пабояў сказаць, што хочаш», – абураецца жыхарка раёну Чапаеўка.

Для затрымання такой падставы як нацыянальная прыкмета не існуе. А таму гэткі падыход – дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы, лічыць юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка:

«Крымінальны кодэкс прадугледжвае выключныя выпадкі, калі адбываецца затрыманне паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынстваў. Тое, што чалавек заспеты падчас здзяйснення злачынства, калі ёсць відавочцы, што паказваюць на яго, тое, што на ягонай вопратцы і абутку ёсць сляды злачынства».

Пошукі імаверных злачынстваў не спыняюцца. Пакаранне за забойства працаўніка ўнутраных справаў прадугледжвае ад 10 да 25 гадоў зняволення ды нават смяротнае пакаранне.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Гарачы каментар
Усё, што мы ведаем пра забойства 22-гадовага інспектара ДАІ з Магілёва
2019.05.17 21:53