Як пройдуць выпускныя іспыты падчас пандэміі?

Выпускным іспытам у школах – быць. Нягледзячы на пандэмію каронавіруса, у Беларусі захаваюць стандартную атэстацыю для вучняў 9 і 11 класаў. Вызваляць ад экзаменаў толькі хворых на COVID-19 і кантакты першага ўзроўню. Што пастанавілі, каб іспыты прайшлі бяспечна для здароўя школьнікаў і настаўнікаў?

Роўна тры месяцы таму ў Беларусі зафіксавалі першы выпадак каронавіруснай інфекцыі. На сёння паводле афіцыйных звестак у нас амаль 40 тысячаў інфікаваных і 219 памерлых. За апошнія содні – яшчэ 902 станоўчыя тэсты і 5 смерцяў. Жыхары Берасця кажуць:

«Гэтыя лічбы, 940–950, і гэтая нерэальная смяротнасць, 4–5 чалавек, – гэта ж абсурд. Адчуванне, нібыта мы ідыёты. Не можа быць 4–5 чалавек. Гэта атрымліваецца, па адным чалавеку, як па заказе, па вобласці? А дзе раёны? А раённыя цэнтры? А Лунінецкі раён, у якім выбух быў?»

«Я ведаю рэальныя выпадкі, калі ўлік абсалютна не вядзецца. У мяне сястра захварэла ў Менску. Узялі два аналізы, потым яшчэ трэці раз – кроў на антыцелы. Яна ўжо выздаравела, а вынікаў аналізаў дагэтуль няма. У якую статыстыку яна ўвайшла?»

Апошнюю прэс-канферэнцыю з адказамі на пытанні журналістаў Міністэрства аховы здароўя правяло 17 красавіка. На апошнім брыфінгу – праз тыдзень – задаваць пытанні ўжо не дазволілі. Трынаццатага красавіка перастала зʼяўляцца статыстыка паводле вобласцяў.

«На прэс-канферэнцыі я адкажу на ўсе пытанні, якія ў вас узнікнуць. Дзякуй за ўвагу, да наступнай сустрэчы», – сказала 24 красавіка намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Тым часам згодна з рашэннем Міністэрства адукацыі вучняў дзявятых і адзінаццатых класаў, якія захварэлі на COVID-19 або прызнаныя кантактамі першага ўзроўню, вызваляць ад іспытаў. У атэстат такім выпускнікам выставяць гадавыя адзнакі.

«Для вызвалення ад выпускных экзаменаў навучэнцаў, якія адпаведна з заканадаўствам застаюцца ў самаізаляцыі, бацькі павінны толькі напісаць заяву на імя дырэктара школы, гімназіі, ліцэю з адпаведнаю просьбай», – зазначаюць у Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Усе астатнія навучэнцы, нягледзячы на эпідэмію, здаваць выпускныя іспыты будуць. Каб засцерагчы ад заражэння каронавірусам, школьнікаў рассадзяць па адным за партаю. Вусныя іспыты пройдуць паводле адмысловага графіку, каб не збіралася шмат людзей. У кабінеты пусцяць толькі вучняў ды экзаменатараў, апошніх абавяжуць насіць маскі. Кабінеты і парты вымыюць і паставяць антысептыкі. Пройдуць экзамены ў школах з першага да дзявятага чэрвеня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама