Як нацыяналізоўвалі беларускія прадпрыемствы


««Камунарка і Спартак» – гэта народныя прадпрыемствы», – казаў у 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка і загадаў прааналізаваць, як прыватызоўваліся гэтыя прадыпремствы ў 90-я. І неўзабаве ў дзвюх вядомых кандытарскіх фабрык змяняецца кіраўніцтва, і галоўны пакет акцыяў пераходзіць дзяржаве. А былы буйны акцыянер абодвух прадпрыемстваў Марат Новікаў з’язджае з краіны.

Падобны лёс напаткаў яшчэ цэлы шэраг прадпрыемстваў. У розныя гады зноўку дэпрыватызацыю перажывалі «Керамін», «Чырвоны харчавік», «Пінскдрэў» ды іншыя. Усе гэтыя прадпрыемствы за савецкім часам былі дзяржаўныя. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці пачалася прыватызацыя.

«Розныя бізнесоўцы пачалі набываць пакеты акцый. Буйных, дастаткова добрых прадпрыемстваў акцыі набываліся не без дапамогі адміністратыўнага рэсурсу ці нейкіх там знаёмстваў, чыноўнікаў і гэтак далей», – кажа эканамічны аглядальнік tut.by Аляксандр Заяц.

Некаторыя прадпрымальнікі пры гэтым бяруць на сябе абавязкі перад дзяржавай. Гэтак было з заводам «Мотавела». Яго інвестар – Аляксандр Мураўёў – паабяцаў укласці ў прадпрыемства 20 мільёнаў долараў. Большасць якіх мусіла пайсці на новае абсталяванне. А выдаткаваліся збольшага на аплату крэдытаў. У выніку Мураўёў апынуўся за кратамі. Паводле Станіслава Івашкевіча, шмат якія нацыяналізацыі абʼядноўвае адно…

«Дзяржава, як толькі яны бачыць, што нейкае прыватнае прадпрыемства пачынае добра зарабляць і рабіцца дамінантным у сваёй галіне, ва ўладаў да іх тут жа зʼяўляюцца патрабаванні, што трэба, маўляў, дзяліцца з дзяржавай», – кажа эканамічны аглядальнік Белсату Станіслаў Івашкевіч.

Да 2008 года ў Беларусі дзеяла правіла «залатой акцыі«. Дзяржава магла нацыяналізаваць прадпрыемства ў цяжкім фінансава-эканамічным стане. І хоць права было на паперы скасаванае, у рэчаіснасці для дэпрыватызацыі і «залатая акцыя» не патрэбная.

Наста Кахановіч, «Белсат»