Як на планеце ўжо сустрэлі 2020 год?


Пакуль мы збіраемся за святочным сталом, у 6 часавых паясах новы год ужо наступіў. Першымі яго сустрэлі на ціхаакіянскіх выспах Тонга, калі ў нас была 10-я гадзіна раніцы, апошнімі сустрэнуць на Алясцы, калі ў Беларусі будзе поўдзень. Як Новы год вітаюць ва ўсім свеце?

Салютам над самым высокім будынкам краіны – над тэлевежай у горадзе Оклэнд – адзначылі надыход 2020-га ў Новай Зеландыі.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Адзін з самых грандыёзных у свеце салют – са 100 тысяч зарадаў – прагрымеў і ў Сіднэі. Відовішча коштам прыблізна 4 мільёны долараў прыцягвае ў Аўстралію тысячы турыстаў. Але сёлета яго магло не быць. На ўсходзе краіны забаронена карыстацца піратэхнікаю. Там ужо тры месяцы гараць лясы. Сіднэйскі салют прайшоў пад узмоцненым наглядам пажарнікаў.

«Вельмі важна сабраць людзей разам. Сіднэй – самае прыгожае месца, каб святкаваць Новы год, таму людзі прыязджаюць у Аўстралію. Гэтае свята прыцягвае да нас міжнародную ўвагу, яно вельмі важнае для нашай эканомікі, аднак важней за ўсё – аб’яднаць нашае грамадства і падзякаваць самым сабе», – кажа мэр Сіднэю Клоўвэр Мур.

І ўжо менш як праз 3 гадзіны Новы год дойдзе і да Беларусі. Гулянні пройдуць па ўсёй краіне, але галоўнае разгорнецца ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Самым яркім пунктам свята станецца піратэхнічнае шоу. Феерверк абяцаюць у некалькіх раёнах гораду, галоўны – каля менскага Палацу спорту.

Дарʼя Чульцова belsat.eu